Ніва № 3 (2540), 16 студзеня 2005 г.

Тастамент Яцка Кураня

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Заявы і іншыя чыноўніцкія дакументы можна будзе падаваць у дванаццаці гмінах на беларускай мове, калі толькі такую волю будзе мець мясцовы самаўрад, значыць, лакальная рада. На такой жа мове павінен надысці адказ. Калі ўедзем у адну з тых гмін, не павінны нас здзіўляць табліцы, на якіх, апрача польскіх, будуць памешчаны назвы на беларускай мове. Так будзе, калі больш чым палова яе жыхароў выкажацца за такой прапановай.

Напярэдадні праваслаўных Каляд парламент, дакладней, Сейм, завяршыў працу над законам аб нацыянальных і этнічных меншасцях і аб рэгіянальнай мове. Працы над ім працягваліся ледзь не 15 гадоў. Адным з яго інспіратараў быў Яцак Курань, дэпутатам-спікерам — падляшскі дэпутат ад СЛД Яўген Чыквін. Зараз пасля апошняга галасавання над 30 папраўкамі Сената сказаў ён „Ніве”:

— Закон важны перш за ўсё ў сферы самаадчування меншасці. Сейм, найважнейшы орган польскай дзяржавы, гарантаваў меншасцям права на захаванне ўласнай мовы, культуры і традыцыі. У кантэксце пануючага ў меншасных асяроддзях пачуцця горшасці і асіміляцыі, цяжка не ацаніць каштоўнасць гэтага факту.

Закон называе, што такое меншасць. Запісана ў ім м.інш. неабходнасць пражывання меншасці ў Польшчы больш чым сто гадоў. Вось вакол закону прабягала да апошняй хвіліны галоўным чынам вакол акрэслення працэнтнага парога, які датычыў бы ліку жыхароў няпольскага паходжання, які мае абавязваць у гмінах, дзе змогуць быць уведзены двухмоўныя назвы, напрыклад, мясцовасцей (пасля таго, як выкажацца за гэтым найменш палова жыхароў) ды вакол ужывання (вусна і пісьмова) мовы меншасей (як дапаможнай) у гмінных установах. Першапачаткова меў гэта быць васьміпрацэнтны парог. Пасля Сейм па заяве Грамадзянскай платформы (PO) акрэсліў яго аж на 50-працэнтны. Урэшце ў Сенаце (большасць у ім мае лявіца) быў дасягнуты кампраміс і абедзве палаты Парламента пагадзіліся на 20 працэнтаў. У Польшчы, а дакладней на Падляшшы, згодна з апошнім перапісам, датычыла б гэта наступных гмін: Гарадок, Бельск-Падляшскі (горад), Бельск-Падляшскі (гміна), Орля, Гайнаўка (горад), Гайнаўка (гміна), Дубічы-Царкоўныя, Кляшчэлі, Нараўка, Нарва, Чаромха, Чыжы.

Змаганне за запісы працягвалася яшчэ ў час апошняй, начной сеймавай дэбаты.

Збігнеў Сасноўскі ад ПСЛ грымеў:

— Парламенцкі клуб ПСЛ не даваў ніколі і не дасць згоды на раздзіранне РП. Мы рашуча выказваемся за тым, каб адкінуць усе папраўкі Сената, які любой цаной хоча прафарсіраваць антынацыянальныя запісы, якія замест спалучаць, раздзялялі б.

Станіслаў Гудзоўскі ад Лігі польскіх сем’яў (LPR):

— Я баюся, што трэба будзе зраўняць правы палякаў у Польшчы, каб роўныя былі нашы правы з правамі прышэльцаў або і гасцей [! — М. Х.], якіх прынялі мы пад наш дах, у польскі дом.

Найбольш актыўны праціўнік закону, дэпутат Ежы Чарвінскі з Каталіцка-нацыянальнага руху (RKN) выклікаў амаль буру:

— Прозвішчы гэтых здраднікаў польскага інтарэсу, якія прагаласуюць за пранямецкімі папраўкамі, расславім так, каб тлумачыліся са сваіх галасаванняў перад выбаршчыкамі.

Змагары за закон, з-па-за СЛД, пераконвалі:

— Нацыянальныя меншасці дзякуючы гэтаму закону атрымліваюць сваю канстытуцыю, свой жалезны ліст, гарантыю, што змогуць у Польшчы не толькі жыць, працаваць, але таксама свабодна развіваць свае звычаі, і мову, — пераконваў Ян Быра з Польскай сацыял-дэмакратыі.

Прытым дадаў:

— Гэты закон гэта нейкім чынам здзяйсненне тастамента вялікага паляка і вялікага патрыёта Яцка Кураня.

Закон аб меншасцях разам з сенацкімі папраўкамі, што выклікала ўжо меншае рознагалоссе, а што надзвычай важнае для меншасных асяроддзяў, устанаўлівае між іншым супольную камісію ўрада і прадстаўнікоў названых у ім дзевяці нацыянальных і этнічных меншасцей. За датацыямі да меншасных мерапрыемстваў, часопісаў і г.д. могуць хадайнічаць па-за адкрытым конкурсам. Старацца за тое могуць таксама польскія арганізацыі, якія дзейнічаюць дзеля меншасцей альбо распаўсюджваючыя іх культуру. Куратары асветы будуць абавязаны папулярызаваць у школах культуры меншасцей.

Пасля канчатковых, шматмесячных дыскусій і галасаванняў можна сцвердзіць, што прыхільнікамі закону былі клубы Саюза левых дэмакратаў (SLD), Польскай сацыял-дэмакратыі (SdPl), Уніі працы (UP), Народна-дэмакратычнай партыі (PLD). Грамадзянская платформа (PO) спачатку была рашуча супраць. Канчаткова большасць дэпутатаў ад Платформы выказалася за законам. Падзеленая ў думках засталася быць Самаабарона. Адчайнымі праціўнікамі аказаліся быць Права і справядлівасць (PiS), ПСЛ, Ліга польскіх сем’яў (LPR), Каталіцка-нацыянальны рух (RKN) і іншыя дэпутаты атаясамліваючыся з крайняй правіцай. Цяпер закон чакае подпісу прэзідэнта.