Ніва № 2 (2539), 9 студзеня 2005 г.

Следам за гайнаўскім танкам

Міхал МІНЦЭВІЧ

На скверы ў цэнтры Гайнаўкі перад Гарадской управай стаіць на развальваючымся пастаменце вялікі лацінскі крыж. Раней цягам дзесяцігоддзяў на гэтым месцы стаяў своеасаблівы помнік — савецкі танк Т-34, сімвал вызвалення горада Савецкай Арміяй ад гітлераўскай акупацыі. Той помнік у 1990 годзе стаў перашкаджаць тадышнім гарадскім уладам і яго знялі з пастамента, але на металалом не парэзалі, бо задорага гэта абышлося б гарадской казне. У ліпені 1991 года гайнаўскі танк купіў земляроб з Кашалёў Сцяпан Хурса, заплаціўшы роўна мільён старых злотаў. На працягу паўтара года дзеці з Кашалёў і навакольных вёсак гулялі ў танку і ля танка на панадворку Сцяпана. Пасля танк памяняў уласніка і перабазіраваўся на прыватны ўчастак каля шашы Піш — Шчучын, апынуўшыся дванаццаць кіламетраў ад колішняй польска-прускай мяжы. І здалося тады, што баявая машына завяршыла свае прыгоды ў бяспечным месцы, знайшоўшы сапраўднага апекуна (пісала пра гэта „Ніва” ад 29 чэрвеня 1997 г.). Ягоны новы ўладальнік Ежы Ніклінскі, лекар са Шчучына, гаварыў тады:

— Гэта сапраўдны франтавы танк, пра які я калісь марыў. Мары мае збыліся, хаця пазнавата. Нехта можа паставіць мне закід дзяціннасці — гэта ягонае права. А я здаўна думаў увекавечыць месца бітвы з верасня 1939 года. Я прымяркоўваўся да куплі гаўбіцы, аднак нічога з гэтым не атрымалася. Тады трапіўся мне гэты танк. Ведаю, што ён з іншай эпохі, але даваеннай танкеткі нідзе не знойдзеш. А мой танк, хаця выпушчаны ў Савецкім Саюзе, аднак служыў палякам, а мне няма розніцы, ці яны ішлі з захаду ці з усходу: кроў была такая самая — падкрэсліваў уладальнік „гайнаўскага” танка з нумарам „210” на бранявежы Ежы Ніклінскі.

„Гайнаўскі” танк стаяў спакойна ў полі да чэрвеня 2004 года. Высветлілася, што з рэзкай танка на металалом, якая была не пад сілу былым гайнаўскім уладам, справіліся два зладзеі, якія танк укралі з поля. Цяпер Раённая пракуратура ў Пішы накіравала ў суд абвінавачанне супраць віноўнікаў.

Абвінавачаны Адам Д. (29 гадоў) з Мрангова і Себастыян Б. (26 гадоў) з падваршаўскай гміны Рашын, абое раней караныя. Пакражу танка яны дакладна запланавалі. Найперш высачылі велізарны кран у Элку (танк важыць звыш трыццаці тон), якога кранаўшчык за аплату паехаў у Свідраў (Пішскі павет), а там другі абвінавачаны, які мае транспартную фірму, чакаў з транспартным лафетам. Танк прадалі на складзе металалому ў Прушкаве за дванаццаць тысяч злотаў, а калі пішская паліцыя яго адшукала, быў ужо часткова парэзаны — без бранявежы, дула і задняй часткі.

Ежы Ніклінскі хацеў бы забраць танк са складу ламаччыны і нанава пазварваць парэзаныя часткі ды паставіць танк на ранейшае месца ў Свідрах. Пакуль, аднак, не закончыцца судовы разбор справы, танка нельга забраць, а да таго ж ён не ведае, ці хопіць яму сродкаў на такую зварку. Законны ўладальнік танка будзе дамагацца ад зладзеяў кампенсацыі.

Паводле спецыялістаў з Музея войска ў Варшаве, „гайнаўскі” танк з’яўляецца арыгінальным савецкім танкам Т-34, выпушчаным у Савецкім Саюзе ў час другой сусветнай вайны. Любіцелям ваеннай тэхнікі ён з’яўляецца каштоўным сувенірам. Ягоную вартасць ацэнена на 50 тысяч злотаў. А пятнаццаць гадоў таму гайнаўскія ўлады хуценька і амаль дармова (за цяперашнія сто злотаў) пазбыліся так каштоўнай рэчы.