Ніва № 2 (2539), 9 студзеня 2005 г.

Непрыхаваная шчырасць

Віталь ЛУБА

Ухваленню закону аб нацыянальных і этнічных меншасцях ды рэгіянальнай мове спадарожнічала шмат эмоцый — як у самім парламенце, так і ў сродках масавай інфармацыі. Найбольш бударажылі пытанні ўжывання мовы меншасцей як дапаможнай у працы лакальнай адміністрацыі і ўвядзення двухмоўных назваў мясцовасцей, вуліц і шыльдаў на публічыных установах.

Супраць ухвалення закону выступалі радыкальныя групоўкі правага боку палітычнай сцэны. Найбольш дэмагагічную пазіцыю прадстаўляў Каталіцка-нацыянальны рух, лідэр якога Антоні Мацярэвіч ухвалены закон назваў „наморднікам, апранутым Польшчы пад нямецкім прэсінгам”. Паводле яго закон аб нацыянальных меншасцях зусім непатрэбны, паколькі „меншасці ў Польшчы не падвяргаюцца ніякім адмоўным з’явам, а іх правы гарантуюцца ва ўзорны спосаб”. Сенацкія папраўкі лідэр Каталіцка-нацыянальнага руху назваў „дыскрымінацыяй польскага насельніцтва на дадзенай тэрыторыі і памылковай палітыкай у адносінах да большасці”. „Не можа быць так, каб дыскрымінаваць палякаў, надзяляючы меншасць спецыяльнымі прывілеямі” — сказаў Антоні Мацярэвіч...

(...)