Ніва № 2 (2539), 9 студзеня 2005 г.

Вачыма абвінавачанага

Яўген МІРАНОВІЧ

У апошні дзень мінулага года Раённая пракуратура Беласток-Поўдзень склікала чарговую прэс-канферэнцыю ў справе „Нівы” з мэтай паінфармаваць журналістаў пра завяршэнне даследавання, пра якое стала вядома так у Польшчы, як і ў Беларусі. Нашу рэдакцыю, традыцыйна ўжо, не запрасілі, хаця 9 членаў Управы Праграмнай рады пракурор Бажэна Кішло палічыла вінаватымі ў парушэнні закону аб рахункаводстве, але з-за таго, што ніхто з іх раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і ад вынікаў „злачыннай” дзейнасці не атрымаў ніякай карысці, запрапанавала гадавы тэрмін „ўмоўнага” пакарання.

Нехта, аднак, пасля паўтарагадовай прапагандысцкай кампаніі супраць Праграмнай рады павінен быць вінаватым. Інакш закончылася б гэта кампраметацыяй дзяржаўнага апарату. Лагічна тады, што вінаватымі маглі стаць толькі тадышні старшыня Рады (ніжэйпадпісаны) і бухгалтарка. Ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, у след за выказваннем пракурора, прагучала, што незаконна атрымалі мы і выдаткавалі ў 2001-2003 гадах звыш 99 тысяч злотых. Пракурор, вядома, дробязямі не займаецца і на што „выдаткавалі незаконна 99 тысяч” не сказала. Ніхто не зразумеў бы, у чым заключаецца злачынства, калі б пракуратура паінфармавала, што гэтая сума ў пераважнай большасці была выдаткавана пасля тэрміну разліку датацыі. Беластоцкія журналісты даведаліся толькі, што дзейнасць абвінавачаных прывяла да затрат у бюджэтах дзяржавы, горада Беластока і Падляшскага ваяводства. У перакладзе на больш зразумелую мову значыць гэта, што грошы, за якія выдавалася „Ніва”, напрыклад, у лістападзе ці снежні 2002 г. выдаткаваліся незаконна, таму што тэрмін разліку мінуў у канцы кастрычніка і пасля гэтага тэрміну ніякіх сродкаў з датацыі не павінна быць на рахунку „Нівы”. Замест выдаваць тыднёвік мы павінны грошы вярнуць донарам і было б усё згодна з законам. Самы найлепшы варыянт, які зусім не пагражаў бы парушэнню закону, гэта ўвогуле спыніць выдаванне „Нівы”.

Традыцыйна журналістаў нашых „братніх” сродкаў масавыай інфармацыі такія дробязі таксама зусім не цікавяць. У тэлебачанні, па радыё і ў прэсе прагучэлі цытаты з выступлення пракурора: „незаконна атрымалі”, „незаконна выдаткавалі”, вінаватыя былі названы, усім і ўсё стала зразумелым. Тэлебачанне, напрыклад, інфармавала так, каб кожны гледач мог падумаць: „Прапалі грошы, тады напэўна трапілі ў кішэнь абвінавачаных”. Раней, калі на старонках „Кур’ера параннага” 11 раз паўтарылі, што ў „Ніве” загінула 174 тысячы злотых, большасць удзельнікаў інтэрнэтавых дыскусій не сумнявалася, што гэтую суму падзялілі паміж сябе члены Праграмнай рады. Вядомы нямецкі класік па справах прапаганды Гебельс казаў, што хлусня, паўтораная некалькі разоў, становіцца праўдай. Апошнім часам дайшла з Варшавы вестка, што беластоцкія прапагандысты распаўсюджваюць інфармацыю, што ў „Ніве” заканспіравалася агентура Лукашэнкі. Паводле згаданага класіка, хлусня мае большы шанц стаць праўдай, калі дасягае межаў абсурду.

Апошнія паўтара года на Беласточчыне надта выразна паказалі, якія ёсць рэальныя магчымасці выказваць свае погляды і меркаванні. Некаторыя пастаянныя чытачы маіх фельетонаў прабавалі мяне далікатна паінфармаваць, што хаця маем свабоду слова, аднак трэба памятаць, што жывем у акрэсленым месцы на зямлі і я, як гісторык, павінен пра гэта памятаць. Праўда, няма ў нас цэнзуры, — гаварылі сябры, — але ёсць іншыя ўстановы, якія больш радыкальнымі метадамі могуць выконваць яе ролю. Найлепш пра гэта ведаюць журналісты з Беларусі, дзе афіцыйна таксама няма цэнзуры. Прыклад „Нівы” паказвае, што ў дэмакратычнай сістэме дзяржаўны апарат мае дастаткова сродкаў, каб нішчыць паасобных людзей, установы, арганізацыі, калі людзі гэтага апарату адчуваюць, што назапашваюць такім чынам капітал для свае кар’еры.

Вопыт ад апошніх падзей звязяных са справай „Нівы” паказвае таксама, што пры так скансалідаванай непрыхільнай прапагандзе давесці свае рацыі грамадству таксама цяжка, так як плахтай затрымаць цунамі пасля падводнага землятрусу. Толькі адзінкі са свету мас-медыяў, асабліва з „Gazety Wspolczesnej”, прабавалі разабрацца ў чым заключаецца праблема з „Нівай”. Апошнія хапалі інфармацыю і дакументы, падкінутыя дзяржаўнымі службамі. Для тых, якія зацікаўлены ліквідацыяй беларускай праблемы на Беласточчыне, гэта важная інфармацыя.