Ніва № 2 (2539), 9 студзеня 2005 г.

Адзін такі вечар

Міхал МІНЦЭВІЧ

„Ражджаство Тваё, Хрысце Божа наш, заззяла ўсяму свету святлом розуму, бо праз яго служачыя зоркам зоркаю ж навучаны былі пакланяцца Табе, Сонцу праўды, і пазнаць у Табе Усход з вышыні. Госпадзі, слава Табе”. Такі трапар спяваюць праваслаўныя на свята Ражджаства Хрыстовага. Невыпадкова свята гэтае выпала 25 снежня, калі ў цэлай Рымскай імперыі адзначалі — узорам паклоннікаў індыйска-іранскага бога сонца і праўды Мітры — Дзень Непераможнага Сонца — Solis Invictis. Айцы Царквы за культам святла, якога тлумачэнне маем у Евангеллі ад Іаана, усю сонечную метафорыку перанеслі на Хрыста.

Ражджаство Хрыстова не лягло ў першапачатковы пласт хрысціянскіх свят, яно пазнейшае. Адсутнічае яно ў Армянскай царкве, якая тэалагічны змест таго свята адзначала разам з Богаяўленнем 6 студзеня. Раман Песняпеўца, сірыйскі дыякан, які служыў у Канстанцінопалі, напісаў кандак, які мог паслужыць узорам усіх пазнейшых калядак: „Дзева сёння нараджае Вышэйшага ўсялякай істоты, і зямля вярцеп Непрыступнаму прыносіць; анёлы з пастухамі славасловяць, а валхвы з зоркаю вандруюць; бо дзеля нас нарадзілася Дзіцятка Малое, Спрадвечны Бог”.

Штогадова ёсць адзін такі вечар, калі ў мільёнах дамоў на ўсіх кантынентах думкі паўтара мільярда хрысціян кіруюцца ў адно месца — у Святую Зямлю і Віфлеем, дзе перад звыш дзвюма тысячамі гадоў збылася тайна прыходу на свет Божага Збавіцеля — Дзіцяткі Ісуса.

Прадвесце прыходу Месіі ў Віфлеем напісаў прарок Міхей: „І ты, Віфлееме Ефрата, хаця малы ты між тысячамі Іудзінымі, з цябе выйдзе мне Той, які павінен быць Уладаром у Ізраілі, і якога з’яўленне з пачатку, з дзён вечных” (Міх. 5:2).

Гэтае прароцтва збылося, пра што паведамляе Евангелле ад Лукі: „У той час быў абвешчаны загад кесара Аўгуста каб правесці перапіс насельніцтва ўсяго свету. (...) І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Падаўся таксама Іосіф з Галілеі, з горада Назарэт у Іудзею, у горад Давіда Віфлеем (бо выводзіўся ён з дому і роду Давіда), каб запісацца з Марыяй, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарнай. Калі яны там былі, настаў час родаў. І нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў яслі, бо не было ім месца ў гасцініцы” (Лк. 2: 1-7).

Настала вялікае свята Ражджаства Хрыстовага. У гэтыя асаблівыя дні ў душы кожнага хрысціяніна ўзнікае радаснае, светлае пачуццё, бо Хрыстос нараджаецца нам усім, прыносячы на зямлю добрую волю Нябеснага Айца.

Свята Ражджаства Хрыстовага прыгадвае нам і паклон траіх мудрацоў Хрысту, якія з далёкіх старон прыбылі ў віфлеемскую пячору, прыносячы Хрысту дары. Кім былі яны, прыведзеныя зоркай? Заходняя традыцыя бачыць іх мудрацамі. Мабыць (як мяркуюць праваслаўныя) былі яны іранскімі вешчунамі, магчымымі паклоннікамі Зараастра (Заратустры) або халдзейскімі астраномамі. Каля Ісусавых ясляў з’явіліся яны прадстаўнікамі Усходу, прыносячы з собою — апрача сімвалічных дараў — усе здабыткі дахрысціянскіх культур з іх таемнымі ведамі і таемным чаканнем прыходу Збавіцеля.

Сучасны Віфлеем (у іўрыце — дом хлеба), аддалены ад Іерусаліма на дзесяць кіламетраў і распаложаны на двух узгорках і на іх схілах, з’яўляецца не толькі культавым месцам, але і пульсуючым жыццём горадам, населеным дваццаццю тысячамі жыхароў, галоўным чынам палесцінцамі, у большасці хрысціянамі розных абрадаў.

Віфлеем, Іерусалім з яго месцамі сакралізаванымі жыццём і пакутамі Хрыста, Назарэт, Кана Галілейская, Капернаум, Іерыхон, які лічыцца найстарэйшым горадам свету — гэта толькі некаторыя назвы, якіх успамін асацыюецца ў нас з паняццем Святой Зямлі.

Дзесяткі, а дакладней кажучы — сотні гадоў у тым свяшчэнным усім хрысціянам месцы сапернічаюць палітычныя, рэлігійныя і нацыянальныя ўплывы розных суб’ектаў, а цяпер увесь абшар Святой Зямлі ахапіла ізраільска-палесцінская канфрантацыя, у выніку якой церпіць яе сакральнасць, святасць не толькі хрысціян, але і іудзеяў ды мусульман, пазначаная — асабліва ў Іерусаліме — уласнымі традыцыйнымі культавымі месцамі.

Лік хрысціян у Святой Зямлі меншае. У 1948 годзе было іх — усіх абрадавых плыняў — каля чатырохсот тысяч. Сёння пражывае іх каля 80-100 тысяч; у самым Іерусаліме каля дзесяці тысяч. Ізраільскі парламент забараніў цэрквам прапаведавання хрысціянства сярод яўрэяў. Пастаянна абмежаваная дзейнасць хрысціянскіх цэркваў.

Варта і пра гэта помніць, калі асаблівы настрой Ражджаства Хрыстовага і калядак скіруе нашы думкі ў Святую Зямлю, да ясляў у віфлеемскай пячоры.