Ніва № 1 (2538), 2 студзеня 2005 г.

Станоўчы вопыт — Беларусі

Аляксей МАРОЗ

Дэпутаты з Міншчыны і Брэстчыны, члены грамадскіх арганізацый і журналісты пабывалі з 29 лістапада па 2 снежня ў Гайнаўцы, дзе знаёміліся з дзейнасцю гарадскога і павятовага самаўрадаў. Былі яны апошняй групай, якая наведала Польшчу ў рамках праекта „Падляшша — Беларусь. Дыялог самакіравання”, арганізаванага Форумам самакіравання ў РП.

Беларускія дэпутаты азнаёміліся з працай няўрадавых арганізацый у Польшчы, іх юрыдычнымі асновамі, фінансаваннем і маштабам дзейнасці. У час размовы з гарадскімі ўладамі госці даведаліся аб арганізацыйнай структуры ўстаноў і найважнейшых лакальных ініцыятывах, рэалізаваных на працягу апошніх гадоў. Удзельнікі праекта мелі нагоду пабываць на гарадской сесіі ў Гайнаўцы і даведацца пра супрацоўніцтва павятовага староства з гміннымі ўладамі.

— У нас зараз немагчыма так разгарнуць дзейнасць самаўрадаў, як у Польшчы. Наша задача ў Беларусі — паказаць практычна, як можа быць арганізаваная дзейнасць органаў самакіравання. Некаторы вопыт можна пераняць з Падляшша і выкарыстаць у нашай арганізацыйнай працы, — мяркуе Аляксандр Жучкоў, старшыня праўлення Фонду імя Льва Сапегі, які з’яўляецца беларускім суарганізатарам праекта.

— Аб’ядноўваючыся вакол тэрытарыяльных камітэтаў і няўрадавых арганізацый можна выкарыстаць вопыт з Польшчы, — сказаў Вячаслаў Чарняўскі з няўрадавай арганізацыі Цэнтр сацыяльных інавацый, які раней быў дэпутатам Гарадскога савета ў Мінску...

(...)