Ніва № 1 (2538), 2 студзеня 2005 г.

Кіруюся патрэбамі людзей

Размова з войтам Міхалоўскай гміны Маркам НАЗАРКАМ.

Што з’яўляецца візіткай Міхалоўскай гміны?

— У нас візітных картак шмат. У турыстычным плане гэта Семяноўскі вадаём з пляжам. Прыняты план мясцовага добраўпарадкавання Бандароў і Рыбакоў прадбачвае там купальню, прыстань і порт, а на берагах, што ад Шымкаў і Цісоўкі — дачныя ўчасткі; у 2005 годзе прымем такі план для Міхалова і Саколля.

Праз нашу гміну пралягае унікальны Шлях цэркваў, трасіраваны і пазначаны. На апошнім туркірмашы ў Аполі менавіта ён выклікаў найбольшае зацікаўленне, бо культурная адметнасць прыцягвае. Нядаўна пабывала ў нас дэлегацыя арганізатараў агратурызму з Іспаніі — іх захапленне нашай адметнай сакральнай архітэктурай падмацоўваў яшчэ выдатна валодаючы іспанскай мовай наш ксёндз, які раней амаль дзесяць гадоў працаваў місіянерам у Аргенціне.

У Міхалове фабрыку Сяржана купіў прадпрымальнік з Беластока і праводзіць у ёй капітальны рамонт з мэтай запуску вытворчасці пледаў. Меркавалася, што новая фабрыка ўступіць у ход з вясны 2005 года, але паколькі аб’ём рамонтных прац аказаўся намнога большы, чым спачатку здавалася, яе запуск адтэрмінаваны на восень...

(...)