Ніва № 1 (2538), 2 студзеня 2005 г.

Жыць па-беларуску

Яўген ВАПА

Звар’яцеў нам гэты свет, звар’яцела надвор’е, вар’яцеюць палітыкі і падуладныя ім чыноўніцкія дзяржавы. Так найкарацей явіцца мне адышоўшы 2004 год. Кожны з нас мае сваю ацэнку і мерку мінулага ды сённяшняга, хаця на гэта можа будзем мець яшчэ права. На жаль, штораз больш правоў на нашую прыватнасць, погляды і асабістае жыццё маюць спецслужбы — палітычныя, вайсковыя, памежныя, мытныя, падаткавыя, паліцэйскія... Іх мэта — падслухоўваць, запісваць, кампраметаваць непаслухмяных, пашыраць кола стукачоў, якія днём і ноччу будуць пісаць даносы на ўсіх і ўсё. Такім чынам дзяржава будуе сваю „грамадзянскую супольнасць”. Мой знаёмы падлічыў, што зараз у Польшчы дзейнічае больш за дваццаць устаноў, для якіх на запісаныя ў канстытуцыі грамадзянскія правы — звычайна напляваць. Такога не было ў Польшчы нават пры камуне. У нашу сённяшнюю сітуацыю больш вобразна і зразумела ўпісваецца Оруэлаў раман „1984”. Калі Сакрат Яновіч у сваім фельетоне піша, што ў Еўропе зараз час нацыянальных рэвалюцый, а не класавых, то можна спадзявацца, што гэты працэс можа мець месца таксама яшчэ і ў Польшчы. У 1989 годзе не было ў нас такой нацыянальнай рэвалюцыі, а толькі палітычная дамова, дзякуючы якой кіруючая партыйная вярхушка пераўтварылася ў паўднёва-амерыканскую капіталістычную алігархію. Стварылася дзяржава, у якой звычайны грамадзянін не мае права на які-колеч выйгрыш з сістэмай палітычна-эканамічных судовых працэсаў па заказу правых і левых груп трымаючых у даны момант уладу. Ці зараз польскае грамадства здольнае яшчэ на ўсенародную самаарганізацыю і масавыя пратэсты — не ведаю.

На новы 2005 год не разлічваю. Абы не было горш, — паўтараюць дзесяцігоддзямі сваю надзею на лепшае беларусы Беласточчыны. Абы не было вайны, — экзістэнцыяльна абнадзейваючая мантра чуецца ва ўсіх куточках Рэспублікі Беларусь. Песімізм і фаталізм упісаліся ў беларускую ментальную штодзёншчыну так сама моцна як прага хрысціянскага вечнага збаўлення, пасведчанага сотнямі пабудаваных цэркваў і касцёлаў на нашай зямлі сілай духу і за грошы саміх беларусаў. Завешаныя паміж небам і зямлёю ад наканаванага нам лёсу — мы не ўцякаем. Спадзяемся з нашай закамплексаванасцю на нейкую неакрэсленую ласку, цуд, дараванне ці то з боку зямных ці нябесных уладароў. У той жа час зацыкленыя грамадска-палітычнай асцярожнасцю, якая звычайна, па-чалавечы, называецца баязлівасцю, мы не ў змозе адстойваць самых звычайных праяваў нацыянальнай годнасці. Беларускі алфавіт выжывання цяжка вывучаць і здзяйсняць у штодзёншчыне паняволенай і заражанай чумой страху, асабліва беларускім дзяржаўна-адміністрацыйна-самаўрадавым чыноўнікам, у якіх словы „хочам жыць па-беларуску” выклікаюць страх і нянавісць да нашага роднага — на Беласточчыне і ў Рэспубліцы Беларусь. Застаецца толькі вымольваць „Божа, будзь ім літасцівы” і на чужынскіх мовах даносіць сваё прашэнне Усявышняму. Бо царкве не вельмі хочацца быць з народам, толькі заўсёды з уладамі. І тады ў сваёй партызанскай самотнасці і адзіноце хочам адваёўваць бязмежнае. Як у класічнай антычнай трагікамедыі. Дзеля гэтага сцэнаў і хораў хопіць у нас надоўга.

Таму ў 2005 г. на беластоцка-беларускім панадворку з беларушчынай будуць надалей гуляць выканаўцы чыіхсьці палітычных заказаў. Чакае нас у Беластоку „працэс адзінаццаці” абвінавачаных у справе „Нівы”. Дзяржаўны апарат улады не можа прайграць з нейкай там меншасцю. Трэба ёй паказаць сілу і вярнуць усё на сваё месца. У 1923 г. у Беластоку меў месца працэс 45-ці нашых продкаў, якія заявілі тады пра сваё права на беларускасць. Суд выкінуў ім гэта з галавы. На справядлівасць суда няма ў нас, беларусаў, зараз вялікіх спадзяванняў. Усе ж ведаем, што гэта суд дэмакратычнай Польшчы рэабілітаваў Рамуальда Райса „Бурага”, на руках якога кроў нявінных беларускіх сем’яў. Так, як зараз адбываецца працэс ліквідацыі Беларускага дэмакратычнага аб’яднання — адзінай партыі нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Прысуд на нас ужо выдадзены. Адказ на ўсё гэта павінен быць адзін — мы хочам жыць па-беларуску. У 2005 г. у Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Выбарчая картка аддадзеная на Беларускі выбарчы камітэт будзе нашым супольным голасам і ў падтрымку „Нівы”, БДА, беларускага школьніцтва і культуры, надзеяй на выжыванне беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.