Ніва № 1 (2538), 2 студзеня 2005 г.

Далоў беларускую партыю

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне па заяве Дзяржаўнай выбарчай камісіі (ДВК), выкраслілі з рэгістра палітычных партый. Рашыў гэтак Акруговы суд у Варшаве.

— Гэта нязгодна з Канстытуцыяй ды звышінтэрпрэтаванне навелізаванага закону аб палітычных партыях, заканадаўчай недаробкі, — заяўляюць дзеячы партыі, якія адклікаліся ад гэтага рашэння.

Рашэнне аб выкрасленні са спісу палітычных партый Беларускага дэмакратычнага аб’яднання (БДА) — адзінай палітычнай партыі ў Польшчы, якая дзейнічае ад 1990 года, было вырашана ў лютым 2004 г. Акруговым судом у Варшаве. Падставай рашэння быў факт непадання членамі партыі справаздачы са сваёй фінансавай дзейнасці і прыбытках. Справаздача, пададзеная ў папярэднім годзе, была адкінута ДВК як невыконваючае фармальных патрабаванняў. Абвінавацілі тады партыю, што няма ў яе банкаўскага рахунку, а калі так, дык нельга прызнаць правільным вядзенне ёю фінансавых спраў. ДВК, аднак, у 2002 г. мела ў распараджэнні адказ БДА, што тая рахунку не мае, да таго не вядзе гаспадарчай дзейнасці. Незалежна ад таго (адсутнасць рахунку, гаспадарчай дзейнасці), згодна з навелізаваным законам аб палітычных партыях неабходна — што здаецца быць кур’ёзным — падаваць г.зв. адмоўныя фінансавыя справаздачы (да 31 сакавіка кожнага года), значыць, аб тым, што не вядзецца гаспадарчая дзейнасць.

— Гэта пытанне чыста фармальнае, якое вынікае са знавелізаванага закону аб палітычных партыях ад 1997 г. Папярэдні закон не забавязваў падаваць справаздачы, калі партыя не вяла ніякай гаспадарчай дзейнасці, — тлумачыць Пятро Юшчук, адзін з заснавальнікаў БДА, юрыст.

Артыкул 38 закону ў сённяшнім выглядзе кажа, што палітычная партыя падае справаздачы з інфармацыяй аб крыніцах здабывання грошай, сярод гэтага аб банкаўскіх крэдытах, а таксама аб факце, што засноўвае Выбарчы фонд і ці на гэту мэту былі нейкія ўзносы ды падае адпаведны разлік. Палітычная партыя, якая не вядзе гаспадарчай дзейнасці, а падставай яе існавання з’яўляецца валоданне банкаўскім рахункам, такога абавязку не мае. Прынамсі закон гэтага не загадвае.

— Інтэрпрэтацыі паддаецца той 38 артыкул. Ці палітычная партыя, якая паведаміла ДВК аб тым, што не вядзе гаспадарчай дзейнасці, а банкаўскі рахунак мае, абавязана падаваць адмоўныя справаздачы? Мы лічым, згодна з літаральным запісам таго артыкула, што павінна мець рахунак і падаваць справаздачу такая партыя, якая вядзе гаспадарчую дзейнасць. Калі ёсць наадварот, то не абавязана таго рабіць, пакуль не пачне такой дзейнасці. Той артыкул не дапускае падаванне адмоўных справаздач. ДВК, значыць, не павінна была заяўляць аб выкрасленні партыі з рэгістра палітычных партый. Такія дзеянні парушаюць запісы Канстытуцыі, — тлумачыць Пятро Юшчук.

Згодна з 11 артыкулам Канстытуцыі — „Рэч Паспалітая гарантуе свабоду стварання і дзейнасці палітычных партый...”. Наступны артыкул кажа, у якіх канкрэтна выпадках партыі ў Польшчы нельга весці дзейнасць: „Забараняецца існаванне палітычных партый і іншых арганізацый, якія спасылаюцца ў сваіх праграмах на таталітарныя метады і практыкі дзеяння нацызму, фашызму і камунізму, а таксама такіх, якіх праграма альбо дзейнасць прадугледжваюць ці дапускаюць расавую ці нацыянальную нянавісць, прымяненне гвалту з мэтай здабыцця ўлады ці ўплыву на палітыку дзяржавы альбо прадбачвае засакрэчанне структур ці членства”.

— Выкрасленне палітычнай партыі з рэгістра, значыць, яе ліквідацыя, можа наступіць тады, калі вядзе яна дзейнасць нязгодную з мерытарычнымі юрыдычнымі нормамі, а не фармальнымі. БДА дзейнічала і было створанае згодна з правам, не парушаючы Канстытуцыю. ДВК і суд звышінтэрпрэтавалі 38 артыкул закону аб палітычных партыях. Немагчыма даказаць, што чагосьці не робіш ці чымсьці не ўладаеш. Толькі мерытарычныя засцярогі могуць стаць прычынай выкраслення партыі з рэгістра, яе ліквідацыі, — спасылаецца на запісы Канстытуцыі Пятро Юшчук.

Сённяшні старшыня БДА Яўген Янчук кажа:

— Гэта чарговы крок запалохвання беларускага асяроддзя ў Польчшы, пацыфікацыі беларускіх арганізацый, якія не ўпісваюцца ў краявід польскага жыцця.

Больш памяркоўны старшныя БДА з паловы дзевяностых, гісторык Алег Латышонак:

— Здаецца, што гэта занадта фармалістычны падыход. Я хацеў бы гэта трактаваць як праяву бюракратыі, якая толькі выпадкова збеглася з пракурорскай справай „Нівы” і паслякантрольнымі ўказаннямі NIK у адносінах да школ з беларускай мовай.

БДА падала ў Апеляцыйны суд у Варшаве апеляцыю ад рашэння варшаўскага Акруговага суда, каб справай згоднасці з Канстытуцыяй 38 артыкула закону аб палітычных партыях заняўся Канстытуцыйны трыбунал.