Ніва № 52 (2537), 26 снежня 2004 г.

Творы да конкурсу трэба адбіраць

Янка ТРАЦЯК

Вядома, што жыццё бывае свядомым і несвядомым. Калі чалавек кіруецца толькі нагодай (прычынамі, а яны бываюць розныя), тады чалавеку, што таму флюгеру, трэба круціцца вакол тых прычын і залежыць ад іх, і, у такім разе, ён пражывае несвядомае жыццё. Другая справа, калі чалавек мае мэту. Тады ён, нягледзячы на розныя (спрыяльныя і неспрыяльныя) прычыны, няспынна крочыць да мэты — такому чалавеку шкадаваць аб дарэмна страчаных гадах не прыйдзецца, бо ён, рана ці позна, дойдзе да мэты.

Творы, якія былі дасланыя на чарговы літаратурны конкурс самадзейных літаратараў, паказалі, што большасць удзельнікаў конкурсу кіруецца той жа нагодай. А калі так, дык гаварыць пра ўсвядомленую творчасць многіх творцаў вельмі цяжка, а то і немагчыма. Калі адсутнічае скразная мэта (а яна можа быць рознай: заняць першае месца, заслужыць пахвалы ці ўзнагароды, убачыць свой твор надрукаваным, напісаць і выдаць зборнік, стаць вядомым пісьменнікам, стаць класікам літаратуры, атрымаць Нобелеўскую прэмію і г.д.), тады ўдзельнік арыентуецца на нагоду: напісаць твор да чарговага конкурсу. А творы да конкурсу трэба не пісаць, а адбіраць з ліку даўно напісаных твораў. Тады якасць такіх твораў будзе больш адпавядаць вышэйзгаданым мэтам, бо стварацца яны будуць не дзеля конкурсу, а дзеля скразной мэты (каб стаць лаўрэатам, вялікім пісьменнікам і г.д.), а конкурс — гэта толькі прыступка, адна са ступенек на шляху да такой мэты...

(...)