Ніва № 52 (2537), 26 снежня 2004 г.

Яднае нас Бацькаўшчына

Размова з Аленай МАКОЎСКАЙ, старшынёй Рады Міжнароднага грамадскага аб’яднання Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына”.

— З 1990 года вы дапамагаеце беларусам па-за межамі Радзімы. Найбольш вядомай дзялянкай вашай дзейнасці з’яўляецца арганізацыя з’ездаў беларусаў з усяго свету. Ці з’яўляюцца яны рухавіком, які накручвае ўсю апошнюю вашую дзейнасць?

— Безумоўна з’езд беларусаў свету гэта наш вышэйшы кіруючы орган, які вызначае прыярытэтныя кірункі нашай дзейнасці на бліжэйшыя 4 гады. Адлюстроўвае ён працэсы, якія адбываюцца ў беларускай дыяспары. Паказвае праблемы, якія існуюць у момант правядзення з’езда. Аднак мы, як грамадская арганізацыя, не можам вырашаць гэтых праблем. Для іх рэалізацыі патрэбная дзяржаўная падтрымка.

— Як рэалізуюцца пастановы прынятыя на Трэцім з’ездзе беларусаў свету?

— На з’ездзе ў 2001 годзе было прынятых шэраг праграм распрацаваных для выкарыстання дзяржаўнымі органамі. Прапанавалася, між іншым, стварэнне асобнага камітэта пры Савеце міністраў РБ для супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, але такі камітэт не ўзнік. Няма ні дзяржаўнага закону, ні дзяржаўнай праграмы, якія тычыліся б беларускай дыяспары. Да рабочай групы, якая мела б стварыць такую праграму, заангажавана была ў 2002 годзе „Бацькаўшчына”, але працы былі спынены. Адзіная праграма „Беларусы ў свеце” прынятая ў 1993 годзе Акадэміяй навук Беларусі ўжо ўстарэла. Рэкамендавалі мы стварыць пры амбасадах і консульствах аддзелы юрыдычнай дапамогі. Аднак сказалі нам, што пасольствы выконваюць ужо гэтую функцыю. Прапанавалі мы, каб асобы са статусам беларус замежжа, якія будуць прыязджаць на Радзіму, не плацілі за візы, рэгістрацыю і медыцынскую страхоўку. Адпаведныя пасведчанні маглі б выстаўляцца ў консульствах або ў саміх беларускіх арганізацыях. Прапанавалі мы, каб былі льготы для беларусаў замежжа, якія будуць інвеставаць на Радзіме. Некаторыя сродкі з гэтых інвестыцыяў маглі б ісці на развіццё беларускіх супольнасцей, што знаходзяцца за мяжой. Аднак і гэтыя нашы прапановы не былі рэалізаваны.

— Як зараз беларуская дзяржава дапамагае беларусам замежжа?

— Дапамога ёсць, але яна не мае сістэмнага характару. Возяцца за мяжу беларускія кнігі і асветныя дапаможнікі, але не робіцца гэтага пастаянна. Дзяржавай падтрымліваюцца тыя арганізацыі за мяжой, якія падтрымліваюць афіцыйныя ўлады Беларусі.

— Каб беларускае грамадства пачало патрабаваць ад дзяржаўных улад больш актыўна памагаць беларусам замежжа, павінна больш ведаць пра жыццё беларусаў у свеце.

— Зараз мала інфармацыі ў нас пра жыццё беларусаў свету. Многія жыхары Беларусі несвядомыя таго, што беларусы жывуць на Беласточчыне. Спадзяемся, што З’езд дапаможа вырашыць гэтае пытанне і будзе больш інфармацыі ў нашых мас-медыях пра жыццё беларусаў свету.

— У чым вы, як „Бацькаўшчына”, дапамагаеце беларусам свету?

— Мы не ў змозе аказаць фінансавай дапамогі, але дапамагаем арганізацыйна і метадычна. Заўсёды аказваем дапамогу ў камплектаванні бібліятэк. Дасылаем метадычныя дапаможнікі і патрэбную літаратуру. Перакладаем дакументы на беларускую мову. Запрашаем прадстаўнікоў беларускіх арганізацый замежжа ў Беларусь. Вырашаем арганізацыйныя пытанні для прыезджых. Даем беларусам пасведчанні аб іх беларускім паходжанні, калі хочуць вучыцца ў нашых вышэйшых установах. Імкнемся інфармаваць нашых жыхароў аб беларускай дыяспары за мяжой. Выдаем бюлетэнь „Беларусы ў свеце”, які распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі. Абвесцілі мы конкурс для навучэнцаў аб беларускай дыяспары. Выдаем кніжкі аб беларусах замежжа. Нядаўна ў гэтай серыі выйшла кніжка „Месца выдання Парыж”. Маем намер выдаць кніжкі пра беларусаў Аўстраліі, Вялікабрытаніі і ўдзел беларусаў у бітве пад Монтэ-Касіна.

— На наступны год запланавана была арганізацыя Чацвёртага з’езда беларусаў свету. Дзе хочаце яго правесці?

— 23 лістапада адбылося пасяджэнне Малой рады „Бацькаўшчыны”, якая мае права склікаць з’езд беларусаў свету. Была прынята пастанова, што Чацвёрты з’езд беларусаў свету будзе праведзены 16 і 17 ліпеня 2005 года. Найперш бярэм пад развагу, каб арганізаваць яго ў Мінску. Як запасны варыянт, разглядаем магчымасць арганізавання з’езда на Беласточчыне або на Віленшчыне. Туды маглі б прыехаць прадстаўнікі апошняй эміграцыі, якія не змогуць даехаць на сустрэчу ў Мінск. Аднак, гледзячы з другога боку, цяжка было б наладзіць мерапрыемства за мяжой дзяржавы, кіруючы яго арганізацыяй з Мінска.

— Якія пытанні могуць стаць вядучымі на з’ездзе?

— Вызначана асноўная тэма з’езда: „Дыяспара для Беларусі — Беларусь для дыяспары. Шляхі да кансалідацыі і развіцця нацыі”. Хацелася б паставіць чарговае пытанне: што Беларусь павінна, як дзяржава, зрабіць для дыяспары. Важна даведацца, што можа зрабіць беларуская дыяспара для працэсу развіцця грамадства ў Беларусі.

— Дзякую за размову.

(ам-з)