Ніва № 52 (2537), 26 снежня 2004 г.

„Бязмежжа” ў Белавежы

Міра ЛУКША

Перш за ўсё смех — гэта падмацунак для беларускай нацыі і літаратуры. Гэтак было зусім не смехам-жартам вырашана на апошнім „Бязмежжы” — сустрэчы маладых літаратараў і крытыкаў з беларускай „правінцыі” на апошняй чарговай сустрэчы, якая праводзілася 18 і 19 снежня 2004 г., у гэты раз не ў Гайнаўцы, а ў Белавежы. Да таго семінар адбываўся ў Доме сацыяльнай апекі (у адноўленым і разбудаваным пасля пажару „Ракітніку” знайшліся таксама гасцінныя пакоі ды канферэнц-зала, дзе звычайна адбываюцца мерапрыемствы для жыхароў). Як заўважыў Яўген Вапа, мабыць і невыпадкова апынуліся мы сярод герояў не літаратурных, але якіх лёсы пераплятаюцца з лёсамі герояў, напрыклад, прысутных аўтараў — Міхася Андрасюка, аўтара „Мясцовай гравітацыі” ці Міры Лукшы — аўтаркі „Бабскіх гісторый”. Міхась Андрасюк, часты ўдзельнік „Бязмежжаў”, прадставіўся перад калегамі як аўтар ужо пасталеўшы, шкада, што яшчэ замала знаёмы чытачам з Рэспублікі, варты добрага крытычнага слова не толькі ў беларускім абароце. Сам ён чалавек неардынарны, падобна як Андрэй Хадановіч, член дэлегацыі правінцыялаў з Рэспублікі Беларусь, малады знакаміты аўтар „на ўсе рукі” — крытык, паэт, перакладчык, пясняр, якога прэзентацыя, дасканала падрыхтаваная, была пералікам усіх ягоных талентаў і ведаў. Асабліва падабаліся ягоныя пераапрацоўкі найбольш вядомых твораў беларускай літаратуры (не пабаяўся класікі!), якія патрабуюць ад слухача пэўнай інтэлектуальнай натугі і вялікага пачуцця гумару. Як зазначыў Хадановіч, беларуская літаратура выскачыла з акопаў, займае раней недаступныя нішы, гучыць і слухаецца маладым пакаленнем. Трэцім аўтарскім выступленнем быў двухголас „літаратурнай каралеўскай пары” — Надзеі Артымовіч і Ежы Плютовіча, беларускаму чытачу вядомага і з ніўскіх старонак, аднаго з найбольш паважаных у Польшчы паэтаў, чый голас непаўторны і ад гадоў моцны. Абое яны родам з Бельска-Падляшскага, і адзвоньваецца ім той Бельск у вершах, калі нават не сказана імя гэтага старажытнага горада. Вельмі чыста прагучалі вершы маўклівай найчасцей паэтэсы, вельмі вядомыя, а Ежы прачытаў свае новыя творы з новага зборніка „Забытая вайна. Жнівень. Калыханка”. Выказаў сваё зацікаўленне выданнем гэтага тома, які, несумненна, будзе літаратурнай і чытацкай падзеяй, Багдан Дудко, сябра „Бязмежжа”, выдавец літаратурна-мастацкага беластоцкага часопіса „Карткі”, з агульнапольскім абсягам, які ахвотна падтрымлівае беларускіх аўтараў, друкуе на сваіх старонках і выдае іх кнігі. Дарэчы, кожны з сяброў „Бязмежжа”, ці то аўтар, ці крытык, маюць дачыненне да выдавецкай і распаўсюджвальніцкай працы. Гэта і Міхась Скобла, паэт, адзін з рэдактараў часопіса „Дзеяслоў”, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, складальнік м.інш. кніг з „Беларускага кнігазбору”, анталогій — на сустрэчу прывёз прыгожы і багаты зборнік „Краса і сіла”, беларускую лірыку ХХ стагоддзя (там апынуліся і нашы, беластоцкія, „белавежскія” аўтары, м.інш. Віктар Швед, Надзея Артымовіч, Міра Лукша, Ян Чыквін) ды Барыс Пятровіч, намеснік старшыні СПБ, празаік, галоўны рэдактар „Дзеяслова”. Прадставіў ён нялёгкую сітуацыю з выдаваннем гэтага, аднаго з незалежных часопісаў, ды практычна амаль бязвыхадную справу з Саюзам беларускіх пісьменнікаў, амаль абабранага з усяе маёмасці (засталося пры ім 38 м2 з уласнага Дому літаратара, прысабечанага Адміністрацыяй прэзідэнта; пра гэта прачытаем больш у наступных нумарах „Нівы”). Сітуацыю ў Беларусі паказаў таксама фільм Віктара Корзуна і Касі Камоцкай (прадзюсерка гэтага фільма, журналістка, нам вядомая найбольш як спявачка). Фільм „Васіль Быкаў”, як спачатку зазначылі, папраўдзе не аб самім Васілю Быкаву. Прэзентаваўся ён ужо ў Польшчы, у Беларусі не быў і праўдападобна не будзе паказвацца па вядомых прычынах. Карціна паказвае шэсце беларускага народа за труной народнага пісьменніка. Сярод тлумаў зрэдку можна ўбачыць знаёмага, вядомы твар. Толькі твары і кветкі. І голас паэта з інтэрв’ю з Быкавым, запісанага В. Корзунам. Фільм, хоць пра падзею сумную, трагічную, і словы ў ім гучаць быкаўскія горкія, усё ж дадае аптымізму. Нясе ён станоўчую энергію. Выклікаў ён на „Бязмежжы” бурлівую дыскусію, паводку эмоцый, разважанні пра шырэйшы палітычны кантэкст, параўнанні з украінскім народам. Паказ яго ў Беларусі, мабыць, мог бы быць нейкім катарсісам, і даў бы нагоду для разваг і гарачых спрэчак. Словы Быкава, якія гучаць у фільме — пра самае важнае. І выклікаць мог бы фільм адказы на пытанне, напрыклад, ці беларусы самі могуць арганізавацца. Не паказаны былі ў фільме моманты развітання з паэтам у Доме літаратара (да якога мелі найбольшае дачыненне прысутныя на „Бязмежжы” М. Скобла і Б. Пятровіч, якія асабіста афармлялі справы паховін, м.інш. прывозілі труну), з бел-чырвона-белым сцягам, са словамі развітання, калі сэрца разрывалася і людзі плакалі. Але, мабыць, той быццам бы сціплы сюжэт мае наймацнейшае поле ўздзейвання на гледача і слухача.

Словы крыжаваліся — гэтак як у перамове Артымовіч з Плютовічам. Словы „пра самае важнае”, і словы лёгкія, якія трапляюць да чытача. Мы рашылі — смех ратуе нацыю. Мы рады, што здорава ўкладуцца ў смехатворна-нацыянальнае і нашы свежыя словы з „Ракам у Еўропу” ды „тутэйшай” „Мясцовай гравітацыі”.