Ніва № 52 (2537), 26 снежня 2004 г.

Нараўка паказалася

У Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы 26 лістапада адбылася прэзентацыя дасягненняў Нараўчанскай гміны, якую суправаджала выстава мастацкіх карцін, якія ўзніклі ў час агульнапольскіх пленэраў у Скупаве, Нараўцы і Ляўкове.

Арганізатары мерапрыемства, сярод якіх галоўнымі былі гмінныя нараўчанскія ўстановы і гайнаўская галерэя „Гайна”, засяродзілі ўвагу на культурным жыцці Нараўкі і наваколля. Перад гайнаўскай публікай выступілі дзяўчаты з вакальна-танцавальнага калектыву „Душкі з пушкі”, які дзейнічае ў Комплексе школ у Нараўцы. Малодшая і старэйшая групы танцавалі пад беларускія і польскія песні. Беларускі фальклор Нараўчанскай гміны прэзентавалі калектывы „Нараўчанкі” і „Цаглінкі” з Ляўкова. Пра экспанаваныя ў музеі карціны расказаў гайнаўскі мастак Пётр Гаган. Карціны маляваныя ў час чарговых пленэраў у Нараўчанскай гміне будуць пастаянна прэзентавацца ў галерэі „Дакумент” у Нараўцы.

— Калектывы, у якіх выступаюць дарослыя асобы, падтрымліваюць традыцыі дзядоў і прадзедаў. Маладыя спяваюць на беларускай і польскай мовах. Вучні крыху падглядаюць старэйшых выканаўцаў, — кажа дырэктар Гміннага асяродка культуры ў Нараўцы Анна Стульгіс.

Аднак маладыя спевакі з Нараўкі не спяшаюцца, каб заняцца фальклорам. Найчасцей разам з настаўніцамі-апекунамі Зузаннай Падэўскай і Алінай Саевіч вучацца сучасным песням і танцам. Даўнія песні спяваюць „Нараўчанкі” і „Цаглінкі”...

(...)