Ніва № 52 (2537), 26 снежня 2004 г.

Ставіць на экалогію

Аляксей і Анеля Галёнкі з Пасечнікаў шанц на паляпшэнне прыбытку з сельскай гаспадаркі бачаць у экалагічным гаспадаранні. У гэтым годзе атрымаюць яны сертыфікат аб перавядзенні сваёй гаспадаркі на экалагічную прадукцыю.

Ужо два гады спадарства Галёнкі не прымянялі азотных мінеральных угнаенняў для павышэння плёнаў. Замяшчаюць іх натуральным гноем з-пад авечак і прыворваюць бабовыя культуры, якія змяшчаюць у сябе многа азоту. Трэба мець спецыяльныя дазволы, каб сыпаць на поле калійныя або фосфарныя ўгнаенні. Перасталі карыстацца хімікатамі для нішчэння пустазелля. Стараюцца нішчыць яго механічна. Часта карыстаюцца боранамі і іншымі спецыяльна падрыхтаванымі да экалагічнага гаспадарання прыладамі. На 34 гектарах спадарства Галёнкаў знаходзяцца лугі і паша, расце лес і вырошчваецца збожжа.

Прадуцэнцкая група

— Я не рашыўся рэгістраваць гаспадарку як экалагічную толькі дзеля дадатковых даплатаў. Не маю намеру ноччу падсыпваць мінеральнае ўгнаенне. Хачу прадукаваць чыстае экалагічнае харчаванне. Адкрыты я на новую прадукцыю. З жонкай будзем шукаць такую спецыялізацыю, якая дасць задавальняючы прыбытак, — разважае Аляксей Галёнка. — Я думаю намовіць іншых гаспадароў, якія займаюцца экалагічнай прадукцыяй, каб разам стварыць прадуцэнцкую групу. Тады зможам атрымаць больш сродкаў на інвестыцыі. Непадалёк ад нас Белавежская пушча і можна будзе гэта выкарыстаць, прапануючы чыстае экалагічнае харчаванне...

(...)