Ніва № 52 (2537), 26 снежня 2004 г.

Памятаць аб мінулым

Аляксей МАРОЗ

З нагоды святкавання шасцідзесяцігоддзя існавання Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім дырэкцыя школы, Музей малой айчыны ў Студзіводах і Беларускі саюз у РП 17 снежня наладзілі ў Бельскім белліцэі вечарыну, прысвечаную памяці айца Канстанціна Байко (1909-1984). У 1944-1946 і 1957-1963 гадах быў ён настаўнікам Божага закону ў бельскіх школах. Спалучаў у сабе прыкметы ўзорнага святара, любімага педагога і ўмеў зацікавіць моладзь хрысціянскімі вартасцямі. У белліцэі вучыў гаварыць на літаратурнай беларускай мове, прывіваў любоў да роднай традыцыі і культуры.

— Я выбачаю ўсім, якія мяне пакрыўдзілі. У мяне няма ворагаў. Я разумею, што гэта жыццё, — паўтарыў словы айца Канстанціна Байко епіскап Бельскі Грыгорый, які пасля супольнай малітвы адкрыў мерапрыемства. Школьны калідор, дзе праходзіла вечарына, запоўнілі выпускнікі школы і госці, сярод якіх было многа святароў.

Дырэктар школы Андрэй Сцепанюк, які вёў спатканне, напомніў памерлых настаўнікаў белліцэя. Гэта дзякуючы вялікай ангажаванасці педагогаў бельскі белліцэй стаў школай шанаванай у асяроддзі. Займаў ён і займае высокія месцы ў рэйтынгах сярэдніх школ, а вялікі адсотак яго выпускнікоў паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. У сувязі з юбілеем намеснік старасты Бельскага павета Пётр Божка перадаў 3 тысячы злотых на школьня патрэбы.

— Айцец Канстанцін Байко ведаў, што трэба абараняць беларускасць. Калі духоўнае сутыкаецца з зямным, дае сілу захаваць сваю тоеснасць. Трэба задумацца, што зрабіць, каб нашы дзеці і наступныя пакаленні маглі называць сябе беларусамі, — заявіў старшыня Беларускага саюза ў РП Яўген Вапа, які выступіў ад імя арганізатараў вечарыны. Звярнуў ён увагу на тысячы выпускнікоў Бельскага і Гайнаўскага (сам быў яго вучнем — А. М.) белліцэяў, якія ўзмацняюць нацыянальную свядомасць беларусаў у Польшчы і свеце.

Пра лёс бацюшкі Канстанціна Байко расказаў даследчык яго біяграфіі Дарафей Фіёнік. Звярнуў ён увагу на дзейнасць а. Канстанціна як святара, настаўніка, лекара і палітвязня. Сямейнікі бацюшкі, сярод якіх былі дачка Зоя Байко-Раманская і сястра Ніна Шаховіч, з болем выслухалі расказ Дарафея Фіёніка пра выкраданне і вываз айца Канстанціна энкавэдзістамі ў Мінск. Там на падставе сфальшаваных абвінавачанняў засудзілі яго на 15 гадоў катаргі ў варкуцкіх шахтах. Толькі пасля 10 гадоў прабывання на ссылцы адбылася яго рэабілітацыя.

Славамір Іванюк з Беларускага гістарычнага таварыства расказаў пра дзейнасць беларускага школьніцтва ў Бельску-Падляшскім пасля Другой сусветнай вайны. Звярнуў ён асаблівую ўвагу на дзейнасць беларускай школы з ліцэйскімі класамі, заснаванымі ў 1944 годзе, якія далі пачатак белліцэю. У час вечарыны выступіў царкоўны хор Беларускага праваслаўнага брацтва Трох віленскіх мучанікаў з Мінска. Харысты прэзентавалі літургічны спеў на беларускай і царкоўнаславянскай мовах. Вучні з дапамогай настаўніцы Евы Трафімюк падрыхтавалі слоўна-музычны мантаж, у якім паказалі дзейнасць айца Канстанціна Байко як актыўнага святара і настаўніка. Праўнучка бацюшкі Міхаліна выступіла перад публікай з кароткім канцэртам выкананым на скрыпцы. Сабраныя маглі паглядзець выстаўку з фатаграфіямі айца Канстанціна. Побач здымкаў знаходзілася яго Евангелле, кніжкі і падраснік, якія захаваліся ў Бельску.

Пра станоўчае ўздзеянне Бельскага белліцэя на асяроддзе гаварылі выпускнікі і госці.

— Наша беларуская школа пабудаваная на месцы, дзе раней была царква. Гэта сведчыць аб тым, што мы, беларусы, не можам быць без Царквы, — абагуліў былы вучань Бельскага белліцэя і выхаванец бацюшкі Канстанціна айцец Рыгор Сасна.