Ніва № 51 (2536), 19 снежня 2004 г.

Браньскія астанкі

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У Браньску ў другой палове 2004 года была праведзена мадэрнізацыя вулічнай інфраструктуры, у ходзе якой побач тамашняй царквы былі выкапаны людскія косці.

— На аснове гістарычных сведчанняў, м.інш. валочнай памеры, праведзенай у Браньску ў 1562-1563 гадах, вядома, што ў месцы раскопак былі ў 16-га стагоддзі праваслаўныя могілкі, — сказаў мне дырэктар Ваяводскай управы аховы гістарычных помнікаў Дарыюш Станкевіч. — Гэта непасрэднае суседства царквы, найстарэйшая частка горада з культурнымі напластаваннямі. На схіле 20-х гадоў 17-га стагоддзя Браньскі прыход далучыўся да Брэсцкай уніі. Да часу прускага панавання быў там пагост усходняга паходжання, які недалёка межаваў з прыкасцельнымі могілкамі, але ў метрыкальных кнігах у Драгічыне ёсць запісы, што на ім хавалі і католікаў. У ходзе раскопак спярша выяўляліся адзіночныя пахаванні, а пасля іх лік перасягнуў за пяцьсот. Гэтыя астанкі мы рэкамендавалі перадаць настаяцелю праваслаўнага прыхода ў Малешах, які ахоплівае Браньск, для пахавання. Аднак браньскі каталіцкі пробашч заявіў, што пахаванні на згаданых могілках з’яўляюцца выключна каталіцкімі; мабыць, згодна лозунгу „Co unickie, to katolickie”. Бурмістр Браньска запрапанаваў пахаваць выкапаныя астанкі ў гарадскім парку паміж царквою і касцёлам, дзе раней была частка могілак. Я згадзіўся, што гэта мае гістарычны сэнс, але запатрабаваў абгарадзіць месца і памясціць інфармацыйныя табліцы і рэлігійныя сімвалы.

— На дзень перад пахаваннем астанкаў, — сказаў мне бурмістр Браньска Данель Антоні Банькоўскі, — засцярогу наконт праваслаўнага пахавання астанкаў выказаў мне браньскі пробашч прэлат Раман Вадыньскі. Я папрасіў настаяцеля праваслаўнага прыхода ў Малешах а. Георгія Харытанюка, каб спыніўся з гэтым пахаваннем; ён без агаворак згадзіўся. Я, у паразуменні з Гарадской радай, наладзіў сустрэчу, на якой прысутнічалі гісторыкі і духоўныя чыны абодвух бакоў. У ходзе гэтай сустрэчы быў дасягнуты кансенсус, што на згаданых могілках маглі быць пахаваны і католікі, і уніяты, і праваслаўныя. Мы прынялі абавязацельства забяспечыць пахаванне на кошт горада, а канчатковыя абрадавыя рашэнні павінны прыняць іерархі.

— Я чуў, што пробашч не пагаджаецца на кампраміс...

— Пробашч не мае засцярог да выпрацаванага кансенсусу, — адказаў мне бурмістр Банькоўскі. — На месцы пахавання мяркуем паставіць тры крыжы, бо лічым такі крок карысным для горада — гэта павысіць яго гістарычную прыцягальнасць. Варта прыгадаць, што Браньск першым на Падляшшы атрымаў поўнае магдэбургскае права ў 1493 годзе.

* * *

Пратаколы Ваяводскай управы аховы гістарычных помнікаў у Беластоку наконт браньскай знаходкі паведамляюць, што могілкі пад сённяшняй вуліцай Пілсудскага (ранейшай Козяй) згадваюцца ў рэгістрах валочнай памеры, праведзенай у Браньскім старостве ў 1562-1563 гг. У ходзе восеньскіх раскопак — з 28 верасня па 15 кастрычніка — на абшары 310 квадратных метраў — да глыбіні аднаго метра — расследаваліся могілкі, датаваныя на схіл позняга Сярэдневякоўя (ад другой паловы 13-га да канца 15-га ст.) і Новага часу (ад канца 15-га да канца 18-га ст.), і ўстаноўлена, што там было пахавана 576 пакойнікаў. Зафіксаваны 123 цэлыя пахаванні з 137 асобамі ў розным узросце. Частка пахаванняў была знішчана ў час ранейшых пракладак гарадской інфраструктуры, м.інш. электрычнай і тэлефоннай ліній. Могілкі не мелі планамернага размеркавання на дарожкі з пахавальнымі ўчасткамі, не захаваліся таксама абрысы магільных ям. Амаль усе пахаванні былі ўздоўж восі ўсход-захад з галовамі памерлых скіраванымі ў заходнім напрамку. Захаваліся рэшткі драўніны і каваныя цвікі, што абазначае пахаванні ў трунах. Не захаваліся затое элементы адзення і рэлігійныя сімвалы; мабыць яны — гузікі ці крыжыкі — былі таксама драўляныя, што можа быць знакам беднасці пакойнікаў. Астанкі пачыналіся ўжо на глыбіні 0,25 метра — пад падсыпкай пад тратуарныя пліткі, а ад глыбіні 0,4 метра ў цёмна-бурым зямным пласце сустракалася вялікая колькасць людскіх касцей.

* * *

Апошняя канстатацыя — незвычайная мелкасць пахаванняў — схіляе да некаторай рэтраспекцыі, раскрываючай даволі — як мне здаецца — цікавую карціну. Бо ж нябожчыкаў хаваецца намнога глыбей, прынамсі паўтара метра ў зямлю. Якім жа чынам яны апынуліся так блізка паверхні; хіба ж не з-за іхняй беднасці?

Трэба меркаваць, што астанкі падышлі пад паверхню ў выніку супадзення некалькіх фактараў. Наогул месцы для пахаванняў закладваюцца на грудах з пясчаным ці супясчаным грунтам. У гарадах ці цэнтрах прыходаў могілкі закладваліся і пры цэрквах, якія таксама будаваліся на высокіх месцах. Няйначай, мабыць, было калісь — у сярэдневяковую даўніну — і ў закладзеным каля зліцця Нурца і Бронкі Браньску. З таго часу мінула шмат стагоддзяў, на нашай зямлі найбольш неспакойных на схіле Сярэдневякоўя і ў другой палове 17-га века, калі нашы паселішчы то руйнаваліся, то адбудоўваліся. У палове 16-га стагоддзя, калі каралева Бона купіла Браньскае войтаўства, па горадзе была пракладзена дарога акурат па месцы колішніх могілак, дзе цяпер былі адкрыты чалавечыя астанкі. І гэтая будаўнічая дзейнасць прыводзіла да нівеляцыі тых мяккіх пясчаных грудоў, з якіх пачыналася жыццё паселішча. Такім чынам паверхня грунту зніжалася; у Браньску яна знізілася недзе на метр, набліжаючыся да найстарэйшых пластоў пахаванняў.

Мяркую, што могілкі, праз якія ў палове 16-га стагоддзя пайшла дарога, ужо не прымалі паховін прынамсі стагоддзе. Значыць, тыя пахаванні, якія сёння залягалі пад самой падсыпкай тратуараў, трэба датаваць раней за палову 15-га стагоддзя. Сайт Драгічынскай дыяцэзіі паведамляе, што каталіцкая парафія ў Браньску была заснавана ў палове 15-га стагоддзя. Сталася гэта пасля таго калі Ягайла і ягоны сын Казімір адкрылі каталіцтву дарогу ў Вялікае княства Літоўскае. Да гэтага часу на Падляшша завітала праваслаўе. Шмат раней тут былі язычнікі, якія сваіх нябожчыкаў спальвалі не пакідаючы пасля іх касцей.

Энцыклапедычны даведнік „Народная культура Беларусі” паведамляе: „Праваслаўных хавалі звычайна галавой на захад, католікаў — на ўсход”; гэта яшчэ адзін аргумент у карысць праваслаўнага паходжання браньскіх астанкаў. Цікава, чаму такая менавіта розніца ў пахавальнай пазіцыі гэтых дзвюх хрысціянскіх канфесій? Мяркую, што клалі іх так, каб яны ўстаўшы на Страшны суд станавіліся тварам або на ўсход — у напрамку Канстанцінопаля, або на захад — у напрамку Рыма.

Каля 1440 года Браньск, поруч з Драгічынам, Бельскам і Мельнікам, атрымаў магдэбургскае права на самакіраванне. Але тое права было частковае — ахоплівала толькі каталіцкіх гараджан; праваслаўныя гараджане аставаліся пад законамі феадальнага права. Згаданае бурмістрам Банькоўскім поўнае магдэбургскае права ахапіла і праваслаўных. Бельск такое права атрымаў у 1495 годзе, Драгічын — у 1498, Мельнік — у 1501, Нарва — у 1529. Той факт, што Браньск атрымаў яго — першым з падляшскіх гарадоў, з Пагоняй у гербе — 18 студзеня 1493 года з рук вялікага князя Аляксандра Ягайлавіча, сведчыць пра вялікую актыўнасць тадышніх браньскіх праваслаўных. Сёння ад іх нямнога асталося...