Ніва № 51 (2536), 19 снежня 2004 г.

Бюджэтныя прымеркі

Лукаш БАРАВІЦКІ

Бюджэт на наступны год на Падляшшы не дадае аптымізму. На інвестыцыі плануецца ледзь 13,3 прац. Усё паказвае на тое, што менш грошай будзе на і так недаінвеставаную культуру.

Намеснік бурмістра Бельска-Падляшскага Міраслаў Галэмбёўскі заявіў, што ў яго гміне адна з найважнейшых праблем гэта школьніцтва — падставовае і гімназічнае. Ваяводскі самаўрад у гэтай сферы не ў змозе памагчы, бо гэта не ягоная „дзялянка”; фінансаванне падставовай і гімназічнай асветы залежыць ад сродкаў прызначаных з цэнтральнага бюджэту.

— Усё маніпулюецца алгарытмам. Лік дзяцей усё падае, а грошы ідуць за дзяцьмі. Мы прымушаны спалучаць класы, — кажа віцэ-бурмістр.

На практыцы ваяводскі самаўрад можа галоўным чынам падтрымаць гміны і паветы шляхам фінансавання дарог, якія пралягаюць праз іх тэрыторыю.

— Стараемся разам з ваяводскімі ўладамі здабыць грошы на мадэрнізацыю дарогі Беласток — Гайнаўка і на галоўныя дарогі ў Гайнаўцы, — заяўляе гайнаўскі стараста Уладзімір Пятрочук.

Фактычна, грошай на гэтую мэту прыходзіцца пашукаць па-за ўласным — павятовым ці ваяводскім — бюджэтам. Падляшская ўправа ваяводскіх дарог у маштабе ўсяго рэгіёна на капітальныя рамонты дарог намерваецца ў 2005 годзе прызначыць ледзь 4,4 млн. зл. Гэтага хопіць на рамонты паверхні дарог — 52 тыс. кв. м. ды рамонты тратуараў і з’ездаў — 12,5 тыс. кв. м.

Пераглядаючы праект ваяводскага бюджэту на наступны год, кідаецца ў вочы факт, што на арганізаванне і датаванне рэгіянальных пасажырскіх перавозаў грошай будзе столькі ж, што ў бягучым годзе, значыць, 9 млн. зл. Прызначэнне квоты на такім узроўні давяло да ліквідацыі спалучэнняў м.інш. у паўднёва-ўсходняй частцы ваяводства. Цяжка сабе ўявіць рэалізацыю абяцання аб куплі чарговых рэйкавых аўтобусаў, паколькі кошт тае задачы быў акрэслены на ўзроўні каля 79 тыс. зл.

Планаваныя ваяводскія выдаткі асабліва крануць культуру. У рамках дамоў ваяводскага самаўрада з гміннымі і павятовымі іхныя ўстановы культуры могуць разлічваць на няцэлыя 260 тыс. зл. Ваяводскі асяродак анімацыі культуры, які арганізуе шмат мерапрыемстваў таксама ў супрацоўніцтве з іншымі ўстановамі ў глыбінцы, атрымае крыху больш за 1 млн. зл. Мае гэтага хапіць на 320 мерапрыемстваў, арганізацыю заняткаў для блізка 140 удзельнікаў пастаянных груп і выдавецкую дзейнасць.

Як заявіў падляшскі маршалак Януш Кшыжэўскі, канчаткова фінансаванне культуры залежыць у значнай ступені ад саміх культурных устаноў, паколькі ад наступнага года датацыі будуць назначацца аб’ектыўна, значыць, на рэалізацыю канкрэтных праектаў, з канкрэтнай ідэяй і з бізнеспланам.

Маршалак казаў таксама, што першым прыярытэтам у наступным годзе мае быць „пераламанне камунікацыйных бар’ераў”. А значыць гэта перш за ўсё больш грошай (атрыманых галоўным чынам звонку) на дарогі і падрыхтоўку да пабудовы аэрапорта ў Беластоку:

— У справе лётнішча вядзем размовы з міністрам гаспадаркі. Я знайшоў зразуменне для нашых рацый. Міністр запэўніваў, што на падрыхтоўку гэтага праекта знойдзецца ў бюджэце краіны каля 20-30 млн. зл.

Незалежна ад фінансавых цяжкасцей, падляшская ўправа рыхтуе новую інвестыцыю: Цэнтр зімняга спорту „Шэльмэнт” (у гміне Шыплішкі). Маюць тут узнікнуць скаты і бугельныя пад’ёмнікі, шляхі з’ездаў з нізкім узроўнем цяжкасцей, сноўбард-парк, крэсельны пад’ёмнік разам з усёй інфраструктурай. На пачатак на дапрацоўку дакументацыі таго мерапрыемства прызначана трохі больш за паўмільёна.

Узровень ваяводскіх фінансаў у наступным годзе залежыць у значнай ступені ад прыдбання грошай з еўрасаюзных сродкаў і з урадавых праграм.