Ніва № 50 (2535), 12 снежня 2004 г.

Дзень герояў на Беласточчыне

Аляксей МАРОЗ

Сябры Беларускага гістарычнага таварыства запачаткавалі святкаванне Дня герояў. Гэты дзень у міжваенны перыяд адзначаўся беларусамі 28 лістапада як Дзень Слуцкага збройнага чыну. Алег Латышонак, Славамір Іванюк, Яўген Янчук і Анатоль Вап усклалі вянок да помніка Станіславу і Язэпу Булак-Балаховічам і жаўнерам іх арміі, які знаходзіцца каля дарогі Гайнаўка — Белавежа. Непадалёк ад гэтага месца быў забіты генерал Язэп Булак-Балаховіч. Сябры Беларускага гістарычнага таварыства ўсклалі таксама вянок на яго магіле ў Белавежы.

— Чаму Вы рашыліся ўшанаваць Дзень герояў 27 лістапада каля магілы і помніка генералам Булак-Балаховічам і балахоўцам? — з гэтага пытання распачаў я размову са старшынёю Беларускага гістарычнага таварыства доктарам Алегам ЛАТЫШОНКАМ.

— Святкаванне Дня герояў выпадае 28 лістапада. Тады пачалося Слуцкае паўстанне 1920 года. Мы вырашылі адзначыць гэтае свята 27 лістапада таму, што ў гэты дзень беластоцкі батальён маёра Міколы Дзямідава арміі Булак-Балаховіча выратаваў свайго камандзіра з бальшавіцкага акружэння пад Жыткавічамі над Прыпяццю...

(...)