Ніва № 50 (2535), 12 снежня 2004 г.

У Гродна нас не пусцілі

— Чым цяпер займаецца заслужаны для рэгіёна Белавежскай пушчы і вядомы сваёй творчай актыўнасцю Віктар Кабац? — пытаю мастака.

— У маёй творчасці, так як і ў жыцці, няма вялікіх змен: я сядзеў у Белавежскай пушчы і надалей там сяджу. Яна так цікавая і так захапляе мастака, што ў ёй можна сядзець і ўсё жыццё; шкада толькі, што яно такое кароткае, бо ў наступным годзе споўніцца мне семдзесят гадоў, а гэта ўзрост сталы, калі вялікіх змен не бывае. Калі чалавек пачынае падводзіць сваё жыццё, сваю працу — што зрабіў і чаго не зрабіў — дык вялікіх змен ужо не прадбачваецца.

За мною дзялянка працы ў Беларускім музеі, дзе разам з мінскім мастаком Эдуардам Агуновічам рыхтуем вялікую залу, прымеркаваную для паказу палявых работ — жніва і сенакосу, — якія хочам паказаць у амаль натуральным выяўленні; гэта патрабавала ад нас вельмі многа часу. Афармленне залы завяршаецца, выстава будзе працаваць некалькі гадоў і будзе важным земляробчым акцэнтам музея.

— Якія выстаўкі Вы ладзілі апошнім часам?

— Была супольная выстаўка з Валодзем Муськам у Прыродазнаўчым музеі ў Белавежы, дзе ён паказаў свае птушкі, а я замалёўкі з пушчы. Пасля мы мелі выстаўку ў Нараўцы, дзе ўзнікла цікавая задума наладзіць гмінную прыродна-этнаграфічную экспазіцыю. Мы дамовіліся аб гэтым з войтам і раднымі, атрымалі некалькі залаў у будынку старой, яшчэ царскай, школы і цяпер ажыццяўляем тую задуму.

Летась я на працягу месяца правёў у Ляўкове пленэр з шаснаццаццю варшаўскімі і беластоцкімі мастакамі, прысвечаны Нараўчанскай гміне. Гмінныя ўлады забяспечылі нам добрыя ўмовы закватаравання і знаёмства з мясцовай прыродай, забяспечылі нам матэрыялы і кожны мастак пакінуў сваю працу ў гміне. Мы рашылі, што ў будынку былой ляўкоўскай школы круглы год будзе дзейнічаць мастацкая майстэрня...

(...)