Ніва № 50 (2535), 12 снежня 2004 г.

Сувязі Беластока і Гродна

Аляксандр МАКСІМЮК

Беластачан можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі. Першая — гэта людзі, якім 2-3-дзённы выезд у суседскае нам Гродна явіцца абсалютнай абстракцыяй, якія не ведаюць з чаго падрыхтоўку такога выезду трэба было б пачынаць; ды другая катэгорыя (скажу адразу, што гэтая група значна-значна меншая) — людзі, якім пра гэтую справу вядома ўсё, якім нават перавяжы вочы, а яны навобмацкі выезд такі беспамылкова аформяць. Трэба ж таксама зразу адзначыць, што ўзаемнае пранікненне гэтых груп мізэрнае — хто раз правёў у Гродне ўік-энд, папіў там кавы, піва, пахадзіў вулачкамі гэтага старажытнага горада, дазволіў пранікнуць сябе ягонай няўлоўнай чароўнасцю, не так то і ахвоча стане забіраць з сабою тых польскіх сябраў, якім „прынцыпова ў Беларусі нішто не падабаецца”. А Беларусь за апошнюю дэкаду зрабіла вялікі эстэтычны крок — пераважная бальшыня палякаў праспала гэты момант, ім і надалей здаецца, што ў беларускіх крамах прадукты загартаюць у газеты...

Некатораму выпраўленню гэтай сітуацыі мела служыць канферэнцыя, арганізаваная 1-3 снежня г.г. у Беластоку і Гродне Цэнтрам грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь ды Фондам Конрада Адэнаўэра. Афіцыйнай яе тэмай былі „Досведы гарадскіх рэформаў Беластока ў 1990-2004 гадах ды перспектывы памежнага супрацоўніцтва Беластока і Гродна”. Напісаў я „афіцыйнай тэмай”, бо ўсё ж не магу паўстрымацца ад уражання, што арганізатарам больш ішло пра тое, каб сустрэць з сабою беластоцкага прэзідэнта Рышарда Тура і ягонага гродзенскага адпаведніка — мэра Аляксандра Антоненку. Абодвух іх суправаджалі прадстаўнікі гарадскіх адміністрацый ды гаспадарчых колаў абодвух рэгіёнаў.

Не сакрэт, што пасля выбараў і канстытуцыйнага рэферэндуму ў Беларусі афіцыйныя кантакты абедзвюх краін моцна замарожаныя — не імкнуцца да іх рэгіянальныя адміністрацыі, беручы прыклад з дзяржаўнай вярхушкі. Знамянальна тут тое, што ініцыятарамі такіх кантактаў, як прынцып, выступаюць няўрадавыя арганізацыі і структуры. Нішто аднак не тлумачыць адсутнасці афіцыйных кантактаў у ранейшыя гады. Увагу на гэтую акалічнасць спрабаваў звярнуць Марцін Рэмбач — старшыня Цэнтра грамадзянскай адукацыі.

— Нам у Беластоку засталося адстойваць пазіцыю, — сказаў ён у час адкрыцця канферэнцыі, — што самы лепшы шлях з Захаду на Усход пралягае праз Беласток і Гродна. Многія скептыкі будуць упірацца, што не найкарацейшая гэта дарога, але мы будзем пераконваць, што яна самая лепшая.

М. Рэмбач звярнуў яшчэ ўвагу, што хаця паміж гарадамі ўсяго няпоўныя 80 км, то дзеліць іх не найлягчэйшая мяжа. Але канферэнцыя — жывы доказ таму, што ў абодвух гарадах выдатна працуюць дыпламатычныя прадстаўніцтвы. Усе польскія ўдзельнікі атрымалі беларускія візы, а беларускія ўдзельнікі — польскія. Ода фон Брэйтэнштайн ад Фонду Конрада Адэнаўэра адзначыла, што спрыянне памежнаму супрацоўніцтву і абмену — адна з асноў дзеяння Фонду. У Польшчы Фонд прысутны з 1989 г., а ў Беларусі толькі пачынае ставіць першыя крокі — чакае рэгістрацыі.

Беларускія госці звярталі ўвагу, што Беласток у сваіх рэформах пайшоў значна далей за Гродна — даклад беластоцкага віцэ-прэзідэнта Марыяна Блехарчыка стаў тут запамінальнай лекцыяй. Паводле віцэ-прэзідэнта, асновай змен у Беластоку была самаўрадавая рэформа — гарадскія праблемы ад яе не зніклі, але адчыніліся новыя шляхі вырашэння. Горад выбіўся на акадэмічны цэнтр паўночна-ўсходняй Польшчы — тут больш за дзесяць вышэйшых школ, у якіх вучыцца пад 40 тыс. студэнтаў. Пасля 1990 г. базар па вул. Кавалерыйскай быў самым вялікім у Польшчы — мяркуецца, што абарот на ім быў значна большы за бюджэт горада (у самы лепшы для базара перыяд працавала там 40 кантораў абмену валюты, у якіх, паводле разнастайных падлікаў, абменьвалася па 3-4 млн. дол. ЗША у дзень). Лік зарэгістраваных гаспадарчых адзінак у горадзе павялічыўся з 8 тыс. у 1992 г. да 34 тыс. у 2004 г. (у тым ліку 33 тыс. — прыватныя). Зараз палова ўсіх занятых людзей у Беластоку працуе ў прыватнай сферы.

Старшыня Гродзенскага выканаўчага камітэта Аляксандр Антоненка звярнуў перш за ўсё ўвагу на турыстычныя каштоўнасці свайго горада. Няма ў нашым рэгіёне — даказваў — другога такога горада, у якім у нязмененай форме захавалася б столькі помнікаў сярэднявечнай культуры і архітэктуры. Актуальна ў Гродне больш за 400 аб’ектаў, якія ахоўваюцца дзяржавай. Больш за 20 у апошняе дзесяцігоддзе прадалі ў прыватныя рукі. Самай надзённай праблемай старажытнага Гродна з’яўляецца вывад з цэнтра горада прадпрыемстваў вытворчасці. На думку А. Антоненкі, супрацоўніцтва Беластока і Гродна ў эканамічным плане павінна адбывацца так бесперашкодна, як бесперашкодна праз дзяржаўную мяжу дзьме вецер.

Як гэтае супрацоўніцтва будзе развівацца на самай справе, час пакажа. Беластоцкі прэзідэнт Р. Тур на чэрвеньскія дні Беластока запрасіў як прадстаўнікоў гродзенскай адміністрацыі, так і прадстаўнікоў беларускіх незалежных плыняў.