Ніва № 49 (2534), 5 снежня 2004 г.

Вачыма сеймавай Камісіі

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Дэпутат Сейма Ежы Штэліга (СЛД) прапануе, каб кантроль за ходам справы, якую вядзе беластоцкая Пракуратура Беласток-Поўдзень, разглядаючая абвінавачванні ў адрас „Нівы”, узяла Генеральная пракуратура. Такую просьбу ў час аднаго з апошніх пасяджэнняў сеймавай Камісіі нацыянальных і этнічных меншасцей накіраваў ён віцэ-міністру культуры Агнешцы Адаровіч. Тая, аднак, патлумачыла:

— Міністру культуры нельга ўплываць на генеральнага пракурора, каб узяў нейкую справу пад асаблівую апеку. У той момант, калі пракуратура, а пасля суд, пяройме справу — гэта не поле для дзеянняў міністра культуры. Вядома, вакол гэтай справы можа ўзнікнуць грамадскі рух, можна ў розны спосаб падтрымліваць тыя асобы, бо варта.

Дэпутат Штэліга гэтае выказванне так пракаменціраваў „Ніве”:

— Пані міністр з’яўляецца публічнай асобай і мае абавязак падаць адпаведную заяву Генеральнай пракуратуры пасля данясенняў, якія атрымала. Калі не, зраблю гэта я.

Раней віцэ-міністр Адаровіч зазначыла, спасылаючыся на заяву пададзеную ў пракуратуру прадстаўніцтвам Найвышэйшай кантрольнай палаты:

— Калі справа аб часопісе „Ніва”, дык спачуваем. Мы лічым, што гэта добры часопіс. Кантрольная палата задалёка пайшла ў сваіх высновах. Маю надзею, што гэтая справа будзе вырашана на карысць выдаўцоў.

Пытанне „Нівы” ўзняў падляшскі дэпутат ад СЛД Яўген Чыквін, які прыпомніў, што выдаванне штодынёвіка фінансуецца за кошт міністэрскіх датацый, а грошы на гэтую мэту паяўляюцца ў сакавіку ці красавіку:

— Гэта прымушае перасоўваць сродкі з іншых месяцаў, паміж тым перыядам, калі даецца справаздача, да часу атрымання сродкаў з наступнай датацыі. Я не намерваюся кагосьці апраўдваць, але ці вы, як міністэрства, не лічыце, што трэба было б прыняць меры па гарантаванні фінансавай плаўнасі выдаўцам?

Міністр Адаровіч прабавала неяк выбрысці з гэтага пытання:

— Вядома, здараецца так, што з-за праблем з фінансавай плаўнасцю датацыі размяркоўваюцца крыху пазней, чым фармуецца выдавецкі цыкл. У нашым выпадку датацыі назначаныя са спецыяльнага сродка могуць пакрываць укладзеныя кошты.

Да абмену выказваннямі на тэму „Нівы” дайшло ў час пасяджэння прысвечанага праекту бюджэтнага закону на наступны год, галоўным чынам у яго частцы прысвечанай выдаткам на культуру меншасцей.

— Урадавая прапанова на 2005 г. асабліва карысная для Міністэрства культуры, — падкрэсліла віцэ-міністр.

— Сродкі на гэтую мэту маюць застацца на сёлетнім узроўні. Прытым міністэрства дэкларуе хадайнічаць за дадатковымі грашамі, напрыклад, з іграў, — сказаў „Ніве” пасля пасяджэння дэпутат Яўген Чыквін.

— Асноўны бюджэт на падтрымку нацыянальных меншасцей у сферы культуры складзе 5 млн. 900 тыс. зл. Уступна падзялілі мы яго на выдавецкую дзейнасць, асноўную ды на звязаную з распаўсюджваннем культуры і мастацкай актыўнасцю, — тлумачыла Агнешка Адаровіч.

І так, згодна праекту бюджэту, на выдавецкую дзейнасць адводзіцца ў наступным годзе 3 млн. 100 тыс. зл., на асноўную — 1 млн. 300 тыс., а на мастацкую і распаўсюджванне культуры — 1 млн. 500 тыс. зл. Крыху большыя сродкі адведзены на выдавецкую дзейнасць з прычыны, як тлумачыць Міністэрства культуры — увядзення падатку ПДВ (VAT) на друкарскія паслугі ды „лавінавы рост колькасці заяў міністру культуры на падтрымку публікацый”. Можна спадзявацца, што названыя 2 млн. 800 тыс. зл. на асноўную ды мастацкую дзейнасць і распаўсюджванне культуры будуць яшчэ папоўнены сродкамі са Спецыяльнага мэтавага фонду, які накіраваны на рэалізацыю пяці нацыянальных праграм культуры і даступны для меншасных арганізацый і ўстаноў.

Дэпутат Ежы Штэліга глядзіць на справу менш аптымістычна, чым прадстаўніца Міністэрства культуры:

— Я заўважаю, што ў чарговы раз няма росту колькасці сродкаў прадбачаных у праекце. Рост гэты ілюзорны, інфляцыйнага характару. Мне здаецца, што працягваем своеасаблівую крывадушнасць калі кажам, што дастаткова некалькі мільёнаў злотых на задавальненне дзейнасці дзесяткаў тысяч людзей, якіх вельмі часта не падтрымліваюць мясцовыя самаўрады. Накіраванне на падтрымку культурнай дзейнасці нацыянальных і этнічных меншасцей сумы, за якую можна купіць адзін урадавы лімузін — проста сорам!

Дэпутат Штэліга намякаў на тое, каб бюджэт на культуру нацменшасцей пабольшыць на 2 млн. зл., хоць бы скарачаючы фінансы на ўтрыманне сеймавай ці прэзідэнцкай канцылярый. Прытым дадаў:

— Не баюся сцвердзіць, што „касу” дзеляць „па ўважлівасці”, па такім прынцыпе, што дэпутат хутчэй даб’ецца да ведамства, бо там яму трэба аформіць нейкі інтарэс. Гэта ўжо чарговы раз складваецца такая сітуацыя, што хтосьці спрабуе нам напусціць дыму ў вочы. Няма тут ніякіх крытэрыяў.

Камісія адным голасам заяву Штэлігі адкінула.