Ніва № 48 (2533), 28 лістапада 2004 г.

Белыя плямы пры канцы свету

Ежы ПЛЮТОВІЧ

О, душа горада пры канцы каляндарнага года, о, страла часу, пранікаючая збунтаванае сэрца, о, выпешчанае мроямі месца пад сонцам, о, цяню лянівага даабедняга часу... У паўзмроку кавярні адчуваецца, як вібрыруе ціша, якую парушае адно лёгенькае брынчанне думак прысеўшых за столікам пісьменнікаў і мастакоў. І ты адчуваеш, як ахоплівае цябе імгла асенняй хандры і ты тады найбольш ахвотна памаўчаў бы, самотны, у крузе сяброў.

— Я зразумеў, што павінен жыць згодна з плынню гістарычнага працэсу. А гэта азначае, што я кінуў чытаць кнігі. Амаль увесь свой кнігазбор вынес у падвал, пакінуў на паліцы ледзь пару слоўнікаў. Наша сучаснасць — перамога цывілізацыі карцінак, фільма, тэлебачання, відэа-касет і DVD, камп’ютэрных гульняў. Хопіць, што час ад часу перагляну новыя творы калег па пяру, каб не страціць арыентацыю ў літаратурным кружочку, — пачаў свае разважанні паэт-постмадэрніст, а ты глыбока з ім не пагаджаешся, ды, усё-такі, маўчыш...

(...)