Ніва № 48 (2533), 28 лістапада 2004 г.

Поспех надзвычайны

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

18 і 19 лістапада прайшла ў Беластоку канферэнцыя „Нацыянальныя праблемы на Беларусі ў ХІХ стагоддзі”, ладжаная Беларускім гістарычным таварыствам і Кафедрай беларускай культуры Універсітэта ў Беластоку. Пры нагодзе мерапрыемства пра працу БГТ папрасіў я расказаць ягонага старшыню д-ра Алега ЛАТЫШОНКА.

У час канферэнцыі можна было пра беларусаў пачуць, што яны па характару вялыя, што — як часам у народзе гаворыцца — ні за сабою, ні перад сабою. Як гэтая характарыстыка прыстае да Беларускага гістарычнага таварыства?

— Наша Таварыства працуе з 1993 года. Мы спадзяваліся заснавання тут абяцанага нам Беларускага інстытута; дзеля працы ў ім і я з’ехаў у 1991 годзе ў Беласток. Калі стала відавочным, што тыя абяцанні не збіраюцца збывацца, мы вырашылі дзейнічаць самі і стварыць Беларускае гістарычнае таварыства; гэтая выдатная задума апраўдалася. Сабралася нас пад дваццаць чалавек — прафесійных гісторыкаў з універсітэтаў і школ, журналістаў ды аматараў гісторыі, гуртуючы такім чынам вельмі моцнае асяроддзе. Можна смела заявіць, што без вялікай арганізацыйнай базы даем навуковую вытворчасць парытэтную любому інстытуту. Гэта з’яўляецца найлепшым сведчаннем выконванай намі вялікай працы, сведчаннем нашых здольнасцей і энергіі.

З якімі цэнтрамі супрацоўнічае Таварыства?

— Нашы галоўныя навуковыя партнёры ў Беларусі. Перш за ўсё гэта Гродзенскі універсітэт імя Янкі Купалы. Гэта Інстытут гісторыі Беларускай акадэміі навук, Беларускі дзяржаўны універсітэт і Педагагічны універсітэт імя Максіма Танка ў Мінску. Крыху меншыя нашы кантакты з Бярэсцем; з іншымі беларускімі цэнтрамі — спарадычныя. З польскіх устаноў найшчыльней супрацоўнічаем з беластоцкім аддзяленнем Польскага гістарычнага таварыства, крыху з Універсітэтам імя Мікалая Каперніка ў Торуні. На ладжаных намі мерапрыемствах бываюць вучоныя з усёй Польшчы ды з Літвы. Круг аўтараў, што пішуць у нашы „Беларускія гістарычныя сшыткі”, ахоплівае ўсе кантыненты, а найбольш экзатычнага падпісчыка маем у Японіі.

З якімі цяжкасцямі прыходзіцца змагацца Таварыству?

— З навуковага пункту гледжання цяжкасцей няма, паколькі мы забяспечаны грантамі з Міністэрства культуры РП і з Управы горада Беластока. Крыху горш выглядае справа папулярызацыі гістарычных ведаў у народзе, бо Таварыства з’яўляецца абмежаваным кругам людзей маючых дачыненне да гістарычнай навукі.

Не ўдаецца нам, нягледзячы на неаслабныя захады, атрымаць грошы на масавыя мерапрыемствы. Самы вялікі мой боль ад таго, што ніхто не хацеў падтрымаць рыцарскі турнір „Перад Грунвальдам”, які меў быць доказам супольнасці традыцый, калі беларускае рыцарства — так як у 1410 годзе — ладзіла б свае зборы ў Бельску-Падляшскім. Рыцары з Беларусі, якія ўдзельнічаюць у інсцэніроўцы бітвы пад Грунвальдам, ахвотна прынялі б удзел у такім мерапрыемстве.

Час-часом удаецца нам ладзіць канферэнцыі або выстаўкі, якія выклікаюць большае зацікаўленне грамадства, калі яны кранаюць культуру, напрыклад, з Музеем у Бельску пра бежанства, пра Тарасевіча, Драздовіча.

Часта працамі гісторыкаў паслугоўваюцца ідэолагі. Мабыць, аднак, Беларускае гістарычнае таварыства выхаду на ідэалогію не мае?

— Так, мы не ствараем грунту для ніякай ідэалогіі, але працуем ідэйна! Відаць ужо контуры асобнай — беластоцкай — школы гістарыяграфіі Беларусі. Маем польскую гістарычную адукацыю, ведаем беларускую і польскую культуры — і гэта наша спецыфіка. Але пішам з беларускага пункту гледжання.

Канферэнцыя была прысвечана станаўленню беларускай нацыі ў 19-м стагоддзі. Цяпер маем 21-шы век. Ці не паверне ён ходу нацыянальнага жыцця ў адваротным напрамку: ці пасля колішняга ўздыму цяпер не пойдзе спад?

— Канферэнцыя была прысвечана многім нацыям, хаця яе асноўная плынь засяроджвалася вакол развіцця беларускай нацыянальнай ідэі. А згортвання беларускай нацыі не будзе, не! У 20-м стагоддзі было выканана такое заданне, пра якое ў 19-м ніхто не думаў. У пачатку мінулага стагоддзя была абвешчана, а ў канцы — узнікла незалежная Беларусь; гэта поспех надзвычайны! Многія нацыі даўжэй намагаліся адваяваць сваю дзяржаўнасць — і не ўдалося, а беларусы за сто гадоў яе стварылі! Мы разважаем, што так доўга замінала выявіць беларускую нацыянальную ідэю, бо гэта ў нейкай ступені было ненатуральнае. І прыходзім да згоднай высновы, што прычыніліся да гэтага навізна назвы дзяржавы і канфесійныя падзелы ў народзе.

* * *

Лёс нашай нацыі варылі розныя вядучыя польскія і расійскія палітычныя кухары. Канферэнцыя паказала таксама, што спецыі для нашай кухні рыхтавалі і зусім ананімныя ды несвядомыя нават нашага існавання еўрапейскія абывацелі. І хаця з беларусаў выйшлі Каяловіч з аднадумнікамі, усё ж такі не толькі гімнам стойкія Польшча з Украінай не прапалі...

І як тут быць песімістам?