Ніва № 47 (2532), 21 лістапада 2004 г.

Хто адказны за экзамены?

Аляксей МАРОЗ

Новыя экзамены на атэстат сталасці выклікаюць непакой сярод бацькоў вучняў. Раней маглі яны параіць сваім дзецям, як вучыцца да экзаменаў, што адкрываюць дарогу ў дарослае жыццё. Зараз не ведаюць што сказаць аб новай „матуры”. Многія вучні Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы з’яўляюцца аптымістамі і вераць, што новыя матуральныя экзамены хутчэй адкрыюць ім дарогу ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Дырэкцыя і настаўнікі беларускай мовы перажываюць за экзамены па беларускай мове. Акруговая экзаменацыйная камісія ў Ломжы пакінула настаўнікаў беларускай мовы без належнай дапамогі ў падрыхтоўцы да правядзення новых экзаменаў.

Шматлікія аптымісты

— Я думаю, што новыя экзамены на атэстат сталасці будуць лепшымі ад старых, бо ствараюць больш магчымасцей. Калі добра справімся з імі, можам адразу быць прыняты ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Раней трэба было здаваць экзамены асобна, каб стаць студэнтам, — кажа Іаанна Трафімюк. — Можа быць складана здаць экзамены па замежных мовах. Некаторыя вучні толькі ў ліцэі пачалі вучыцца замежным мовам, якія рашыліся здаваць на экзаменах. Я толькі няцэлыя тры гады буду вучыцца англійскай мове і пайду здаваць па ёй экзамены.

— Я думаю, што новая матура будзе больш аб’ектыўнай. Тыя настаўнікі, што будуць правяраць працы, не будуць ведаць вучняў, а толькі нумары работ, — гаворыць Магдаліна Шліфарская. З ёй згодны Павел Балтрамюк.

Аднак не ўсе гайнаўскія белліцэісты лічаць новыя экзамены лепшымі за старыя. Андрэй Ігнацюк мяркуе, што лепш было б здаваць традыцыйныя экзамены на атэстат сталасці, якія ўсім добравядомыя. Мае суразмоўцы гавораць, што ўскладняцца ўмовы здавання экзаменаў па беларускай і польскай мовах. Раней на напісанне творчай работы давалася вучням 5 гадзін. Зараз за 2 гадзіны трэба будзе напісаць творчую работу і адказаць на пытанні да тэксту. У час традыцыйных экзаменаў вучні, якія справіліся вельмі добра з пісьмовымі работамі, былі звольнены з вусных адказаў. Цяпер няма такой магчымасці. Белліцэісты кажуць, што на ўроках беларускай мовы пачалі паўтраць прысвоены раней матэрыял па літаратуры. Мае суразмоўцы ў большасці выбралі да вуснага экзамену па беларускай мове тэмы па этнаграфіі і зараз будуць збіраць патрэбны да экзамену матэрыял.

Пакінутыя сам-насам

— Для настаўнікаў, якія рыхтуюць вучняў да новых экзаменаў на атэстат сталасці, арганізуюцца курсы і спатканні. Мы, настаўнікі беларускай мовы, пакінутыя сам-насам, — кажа настаўніца беларускай мовы Вольга Сянкевіч. Апошнім часам настаўнікі беларускай мовы не спатыкаліся ў справах правядзення экзаменаў на атэстат сталасці па беларускай мове.

— Непакоіць нас, што няма належнага зацікаўлення Акруговай экзаменацыйнай камісіі ў Ломжы справамі экзаменаў па беларускай мове. Дрэнна ўспрымаецца работа гэтай камісіі (па справах беларускай мовы — А. М.) на фоне таго, што рабілася яшчэ 3 ці 4 гады назад, калі матуральнымі экзаменамі па беларускай мове і іншых мовах нацыянальных меншасцей займалася Цэнтральная экзаменацыйная камісія ў Варшаве. Тады беларуская мова ставіліся нароўні з польскай мовай, — гаворыць дырэктар белліцэя Яўген Сачко. — У даведніку, выдадзеным Акруговай экзаменацыйнай камісіяй у Ломжы, няма інфармацыі пра экзамены па мовах нацыянальных меншасцей. У канцы лістапада будуць праведзены пробныя экзамены на атэстат сталасці арганізаваныя камісіяй у Ломжы і няма сярод іх экзаменаў па мовах нацыянальных меншасцей. Ёсць затое экзамены па партугальскай мове, ведах аб танцах, ці антычнай культуры. Не ведаю, ці збярэцца многа ахвотных, каб здаваць экзамены па гэтых прадметах. Затое па беларускай і літоўскай мовах будзе здаваць экзамены ў нашай акрузе некалькі соцень вучняў. Іншая справа, пра якую забылі ў акруговай камісіі, гэта падрыхтоўка „матуральных” фармуляраў для экзаменаў па беларускай і літоўскай мовах. Толькі з імі можна будзе выступаць з запатрабаваннем на экзаменацыйныя аркушы. Падрыхтаваны такія фармуляры для экзаменаў па ўкраінскай мове. Аднак цяжка сказаць, ці нехта будзе здаваць экзамены на атэстат сталасці па гэтай мове ў нашай акрузе. Дайшлі да нас неафіцыйныя весткі, што пытанні да экзаменаў на атэстат сталасці па беларускай мове будуць складацца ў Беларусі. Калі параўнаем праграмы навучання беларускай мовы ў Беларусі і ў нас, то бачым, што яны розняцца. У такім выпадку ў нашай моладзі могуць паявіцца праблемы на экзамене. Апошнім часам пануе цішыня ў справе беларускай мовы. Можа цішыня перад бурай.

Настаўнікі хвалююцца за вучняў

Вусныя ўнутраныя экзамены на атэстат сталасці распачнуцца 18 красавіка. Пісьмовыя экзамены будуць праводзіцца ў маі.

— Падрыхтоўка да новых экзаменаў на атэстат сталасці ідзе ўжо здаўна. Вучні з першага класа вучацца паводле новай праграмы і рыхтуюцца да новых экзаменаў. Настаўнікі ў час сваёй працы звяртаюць увагу на замацаванне сярод вучняў лагічнага мышлення, — паясняе дырэктар Яўген Сачко. — Думаю, што вучні, якія праз 2,5 гады салідна вучыліся, справяцца з матуральнымі экзаменамі. Тым, што не прыкладаліся да вучобы, напэўна не раз задрыжаць рукі ў час экзаменаў.

У час унутраных вусных экзаменаў вучні будуць выказвацца па беларускай мове паводле нядаўна выбраных тэм. Многія ліцэісты рашыліся рыхтаваць выказванне па фальклоры і этнаграфіі. Вучні будуць аналізаваць архітэктуру беларускай вёскі. Сярод тэм па літаратуры многія вучні выбралі прапановы наконт беларускай класікі. Найменш вучняў рашылася на тэмы па граматыцы.

— У час вуснай прэзентацыі вучні змогуць пакарыстацца падрыхтаванымі загадзя відэа- і аўдыёкасетамі. Можна будзе прэзентаваць фатаграфіі і рысункі. Аднак, самымі важнымі будуць уласныя выказванні ліцэістаў, — гаворыць настаўніца беларускай мовы Іаланта Грыгарук.

Пісьмовыя экзамены па беларускай мове будуць праводзіцца на асноўным і пашыраным узроўнях. Ліцэісты будуць адказваць на пытанні паводле прэзентаванага ім тэксту і пісаць творчую працу. Ацэньваць матуральныя работы павінны асобы, якія закончылі матуральныя экзаменацыйныя курсы. Хто будзе гэта рабіць, вырашыць камісія ў Ломжы.

— У час урокаў працуем з публіцыстычнымі тэкстамі. Раней многа такіх тэкстаў аналізавалі ў тыднёвіку „Ніва”, — кажа настаўніца Вольга Сянкевіч. — Я лічу, што новыя экзамены на атэстат сталасці па беларускай мове будуць лепшымі за традыцыйныя. Не трэба будзе ліцэістам завучваць на памяць матэрыял з падручнікаў. Вучні змогуць паказаць сваю мудрасць і выказацца канкрэтнымі ўмеласцямі. Тыя вучні, што рашацца здаваць экзамены па беларускай мове на пашыраным узроўні, павінны выказацца большай самастойнасцю мышлення, большай уражлівасцю і паглыбленым рознабаковым аналізам прапанаванага тэксту. Трэба будзе гэтым вучням адклікацца да гістарычных, філасофскіх і рэлігійных кантэкстаў. Аднак ёсць пагроза, што самыя здольныя вучні, якія любяць пісаць размашыста, не звернуць увагу на ўсе праблемы і тады ацэнка іх працы будзе ніжэйшай. Некаторыя вучні, якія пачалі вучыцца беларускай мове толькі з ліцэя, робяць яшчэ памылкі. Добра было б, каб усе вучні прынамсі ад гімназіі пачыналі вучыцца беларускай мове і тады будзе ім лягчэй вучыцца ў сярэдняй школе.

— Я лічу бесталкоўшчынай тое, што зрабілі трохгадовы ліцэй. Можна было б зрабіць пяцігадовую падставовую школу і трохгадовую гімназію. Цяпер атрымалася малавата часу, каб салідна падрыхтаваць вучняў да матуральных экзаменаў, — гаворыць намеснік дырэктара Аляксандр Лаўрыновіч. — Цяжка зараз сказаць якія экзамены лепшыя, новыя ці старыя. Кожнае новае выклікае боязь. Я апасаюся, што слабейшым вучням у час пісьмовых экзаменаў можа быць замала часу.