Ніва № 47 (2532), 21 лістапада 2004 г.

Забароненая мова

Сакрат ЯНОВІЧ

Лёс нашай беларускай мовы бачыцца дзіўным. Яе ніхто фармальна не выкараняе, але ціхалісціцца яна ў непрыхільных ёй кліматах, якія вызначаюцца пару словамі: „Можна, але лепей не”. Так у паслясавецкай Рэспубліцы Беларусь. Зусім падобныя адносіны да беларушчыны і ў Рэчы Паспалітай, у якой чацвёртага лістапада Сейм прыняў — ампутаваўшы рукі-ногі — закон аб нацыянальных і этнічных меншасцях. Адзіная карысць ад яго такая, што юрыдычна прызнаецца існаванне ў Польшчы м.інш. беларускай меншасці. Але лепей, каб яе не было зусім!

Праект сучаснага закону— скажам — праваляўся ў сеймавых канцылярыях каля дванаццаці гадоў. Прапіхваў яго незабыўны Яцак Курань; хоць і салідарніцкі герой, аднак бяссільны пад сцяною польскага нацыяналізму. Талерантнасць палякаў аказалася вось самахвальствам. Яны папраўдзе вылітыя саветы ў нецярпімасці да нас, культуралагічныя імперыялісты; саштурхоўваюць у беларускае гета, у ізаляцыю.

Пачулі мы ад Сейма наступнае: ва ўстановах тутэйшых дазваляецца гаварыць і пісаць выключна па-польску. Адразу прыходзіць у памяць вывешка ў царскіх магістратурах, калі не было яшчэ Польшчы: „Плевать на пол и говорить попольски строго воспрещено”. Магчыма, аднак, смутна зразумець той страх перад палякамі, якіх знаходзілася ў межах Расійскай імперыі пад дваццаць мільёнаў. Але, чаго баіцца сучасная палітычная Варшава жменькі затурканых беларусаў? — пытаю ў Яна Марыі Ракіты з Грамадзянскай платформы як ініцыятара забароны меншасных моў у войтаўскіх гмінах. Хочацца сказаць яму — у яго руская жонка — словамі Антона Чэхава: „Уважаемый господин, как вам не стыдно!?”

(...)