Ніва № 46 (2531), 14 лістапада 2004 г.

Беларускія і латышскія песні

Таццяна КАЗАК

Вечарынай латышскіх дайнаў і беларускіх народных песень 23 кастрычніка cябры Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак” распачалі ў Рызе рэалізацыю вялікага праекта „Усведамленне беларусамі Латвіі сваіх гістарычных каранёў — аснова павышэння этнічнай самасвядомасці”. Праект знайшоў падтрымку ў Латвійскім Фондзе грамадскай інтэграцыі і Рыжскай Думе.

Галоўнай мэтай вечарыны было паказаць тое агульнае, што існуе ў беларускім і латышскім фальклоры, бо беларусы маюць з латышамі агульныя балцкія карані, і ў той жа час падкрэсліць своеасаблівасці, уласцівыя толькі кожнай з народных творчасцей. Калі на пачатку вечарыны загучалі спецыяльна падрыхтаваныя Сільвіяй Браслыняй музычныя варыяцыі на тэмы беларускіх і латышскіх народных песень, то даволі складана было адрозніць беларускія мелодыі ад латышскіх, настолькі яны падаваліся падобнымі. Можна сказаць так: гледачы-беларусы згадвалі свае родныя, з дзяцінства знаёмыя матуліны песні, латышы — свае. Значна складаней было астатнім, бо ў запоўненай вялікай зале было шмат гледачоў розных нацыянальнасцей: палякаў, украінцаў, рускіх, яўрэяў ды іншых...

(...)