Ніва № 46 (2531), 14 лістапада 2004 г.

Дыялог самакіравання

Аляксей МАРОЗ

Другая група дэпутатаў у рамках праекта „Падляшша — Беларусь. Дыялог самакіравання” ад 27 да 30 кастрычніка знаёмілася з Бельскім паветам і дзейнасцю яго ўстаноў. Арганізатар праекта, Форум самакіравання ў РП, апрача дэпутатаў раённых саветаў з Міншчыны і Віцебшчыны запрасіў асветных дзеячаў і журналістаў.

— Падзел на раёны ў Беларусі нагадвае наш падзел на паветы і таму мы рашыліся знаёміць гасцей з арганізацыяй Бельскага павета і дзейнасцю яго структур, — кажа Міхась Андрасюк, старшыня Форуму.

Удзельнікі праекта спаткаліся з намеснікам бельскага старасты Пётрам Божкам і членам управы павета Галенай Бушко, якія былі выбраны раднымі ад Беларускага выбарчага камітэта (Бельскай кааліцыі). Расказалі яны пра арганізацыйную структуру Павятовага староства ў Бельску-Падляшскім і ініцыятывы, якія рэалізаваліся на тэрыторыі Бельскага павета. Госці з Беларусі пабывалі на сесіі Рады Бельскага павета, мелі нагоду прыслухацца дыскусіі ў час пасяджэння.

Беларускія дэпутаты наведалі ўстановы, якіх дзейнасць фінансуецца з павятовага бюджэту. У Павятовым ведамстве працы паінфармавалі іх аб вялікім беспрацоўі ў Бельскім павеце і пазнаёмілі з праектамі па яго абмежаванні. Дарафей Фіёнік пазнаёміў гасцей з Музеем малой айчыны, які знаходзіцца ў Студзіводах...

(...)