Ніва № 46 (2531), 14 лістапада 2004 г.

Сустрэчы БНФ у Польшчы

Беласток, 4 лістапада. Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, кіраўнік міжнароднай камісіі партыі Iгар Лялькоў і ганаровы старшыня Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін правялі ў Беластоку шэраг сустрэч. У горад яны прыбылі на запрашэнне дэпутата Еўрапейскага парламента ад Падляшскага ваяводства, рэктара Вышэйшай школы публічнай адміністрацыі праф. Барбары Кудрыцкай. Гэтаксама мэтай прыезду была сустрэча з лідэрамі беларускіх асяродкаў Беласточчыны і кіраўніцтвам газеты „Ніва”.

Спадары Вячорка, Гавін і Лялькоў удзельнічалі ў маршы і пікеце „Салідарныя з Беларуссю”, зладжаных праваабарончай арганізацыяй студэнтаў Вышэйшай школы публічнай адміністрацыі разам з мясцоваю структурай партыі Грамадзянская платформа. Моладзь паставіла каля брамы Генеральнага консульства Беларусі чорную труну з шыльдаю „Дэмакратыя ў Беларусі”, паклала кветкі і свечкі. Акцыя адбывалася пад лозунгам „Аддайце Беларусь беларусам”, удзельнікі выгукалі: „Свабоду для Беларусі — Лукашэнка сысці мусіць!”

Праф. Кудрыцкая правяла круглы стол на тэму „Што можна зрабіць дзеля дэмакратыі ў Беларусі ў Падляшскім ваяводстве”, у якім разам з гасцямі з Беларусі выступілі сусветна вядомы пісьменнік Сакрат Яновіч, галоўны рэдактар „Нівы” і старшыня Беларускага саюза Яўген Вапа, старшыня Беларускага форуму самакіравання Міхась Андрасюк, старшыня Беларускага дэмакратычнага аб’яднання (БДА) Яўген Янчук, дырэктар Комплексу школ з навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы Яўген Сачко, кіраўнік гарадской арганізацыі партыі Грамадзянская платформа Роберт Тышкевіч ды іншыя...

(...)