Ніва № 45 (2530), 7 лістапада 2004 г.

Ставім на агратурызм

Размова з Валянцінай ЯКІМЮК, старшынёй Рады Чыжоўскай гміны, дэпутаткай ад Беларуска-народнага выбарчага камітэта.

— Неўзабаве міне 2 гады ад часу, калі пачалі Вы кіраваць Гміннай радай у Чыжах. Што ўдалося зрабіць за гэты перыяд?

— Закончылі мы будаваць водаправоды ў Койлах і Курашаве. Мадэрнізавалі і смалавалі многія дарогі. Апошнім часам здалі ў карыстанне новы будынак гміннай установы. Памянялі аконную сталярку ў будынку Комплексу школ у Чыжах. Будзем шукаць грошай на рамонт школьнага будынка ўсярэдзіне і камп’ютэрызацыю Падставовай школы ў Кленіках. Самай вялікай інвестыцыяй на наступны год будзе будова ачышчальні сцёкаў і каналізацыі ў частцы вёскі Чыжы.

— Зараз на вёсках многа беспрацоўных. Пасля ўваходу Польшчы ў Еўрасаюз цяжка будзе ўтрымацца з працы на невялікіх гаспадарках. Ці ёсць прапанова як пабольшыць рынак працы і даць месцы дадатковага заробку жыхарам Чыжоўскай гміны?

— Гміна наша сельскагаспадарчая і таму хочам ставіць на агратурызм. Агратурыстычная дзейнасць павінна даць нашым жыхарам дадатковыя сродкі і стварыць новыя месцы працы. У нашай гміне многа гістарычных аб’ектаў, якія павінны прыцягнуць турыстаў. Аднак неабходны начлежныя месцы і сталовыя, дзе маглі б затрымацца турысты. Нашы жыхары рыхтуюць смачныя стравы, якія можна было паспрабаваць у час археалагічнага фэсту ў Збучы. Праз нашую гміну праходзіць веласіпедны турыстычны шлях...

(...)