Ніва № 45 (2530), 7 лістапада 2004 г.

Мы хацелі нешта змяніць

Інтэрв’ю з Юркам КАЛІНАМ.

„НІВА”: — Юрка, ці ў Тваім дзяцінстве ў бацькоўскай хаце быў тэлевізар?

ЮРКА КАЛІНА: — Не. У нас, у Кашалях, тэлевізар на пачатку сямідзесятых гадоў быў толькі ў маёй хроснай маці і суседа. Маючы шэсць ці сем гадоў трэба было добра падумаць як укрунуцца да іх паглядзець фільм. Дарэчы, вечарам ніхто ўжо не глядзеў кінафільмаў. Пасля васьмі на вёсцы ўсе ішлі спаць. Потым мой бацька купіў тэлевізар, які праз тыдзень проста згарэў. Я ледзь не плакаў. Замянілі нам яго на другі. Трапіўся добры — служыў нам больш за пятнаццаць гадоў. Але з агляданнем былі толькі клопаты. Абавязак памагаць бацькам у полі і гаспадарцы не дазваляў бестурботна знаёміцца са светам далейшым толькі за добра мне вядомую Орлю і Бельск-Падляшскі. У Орлі было нават кіно. На некалькі сеансаў у дзяцінстве ўдалося мне туды патрапіць. Дарэчы, арлянскі кіношнік часта запрагаў сваю кабылу ў воз і ездзіў паказваць фільмы па суседніх вёсках.

Здаецца мне, што бацькі нашага пакалення бачылі нас усіх лекарамі, інжынерамі, праваслаўнымі святарамі, вайскоўцамі, стаматолагамі, але не журналістамі. Хіба невыпадкова Ты апынуўся ў біялагічна-хімічным класе Бельскага беларускага ліцэя?

— Я хацеў патрапіць у агульны клас, менш там было матэматыкі і фізікі. Але такіх як я, жадаючых патрапіць туды, было зашмат. Мяне проста прыпісалі да біялагічна-хімічнага класа. Хаця родны дзядзька ў сямейных размовах пра маю будучыню заўсёды любіў паўтараць, што бачыць мяне дантыстам: „Праца пэўная. Бацька купіць абцугі і будзеш рваць зубы. Зубы з рота — грошы ў кішэнь”. Але нягледзячы на такія аргументы не прыйшлося мне стаць зубалупам.

Дык што вырашыла пра Тваю зацікаўленасць гісторыяй...

— З дзяцінства сама цікавым мне было слухаць на вясковай лавачцы расповеды мясцовых старажылаў пра наша, мясцовае, беларускае мінулае. Будучы нават ужо студэнтам гісторыі, мяне зусім і не зацікавілі гістарычныя працэсы ў Заходняй Еўропе ці свеце. Я застаўся ў крузе ўсходняга вымярэння цывілізацыйных працэсаў, а ў іх месца прыналежнага нам, беларусам Беласточчыны. Калі пры канцы сярэдняй школы мой бацька даведаўся, што ў крузе маіх зацікаўленняў апрача гісторыі ёсць яшчэ і юрыдычны факультэт, ён заявіў: „Значыць, будзеш судзіць людзей, але памятай, яны могуць адшукаць цябе, прыйсці дахаты і проста забіць”. Тады заставалася гісторыя. І на пытанні настаўнікаў: „Чаму вось на гісторыю”, я спакойна адказваў, што да нічога другога я непрыдатны.

І надышоў бурлівы студэнцкі час другой паловы васьмідзесятых гадоў...

— Стаўшы студэнтам і правёўшы студэнцкія практыкі ў школах, я зразумеў, што проста не хачу быць настаўнікам. Такім чынам вырашыў адну з асноўных праблем свайго далейшага лёсу. Але я таксама не ведаў тады, што буду рабіць узамен. На тое чым займаюся сёння безумоўна ўздзейнічала беларускае незалежнае асяроддзе, у якім я апынуўся. Суарганізаванне Беларускага аб’яднання студэнтаў, рэйдаў, атрасін, выдавецкай дзейнасці, а потым удзел у акцыях грамадска-палітычнага кшталту — гэта была школа жыцця. Напэўна не былі ёй здадзеныя экзамены. У тым быў сапраўдны сэнс студыяў. Цікавасць свету, доўгія дыскусіі наконт нашай беларускай меншасці прывялі мяне да таго, што стаў я прафесійна займацца беларускай журналістыкай. Сёння ведаю шмат студэнтаў, якія заканчваюць і па тры факультэты, але ўяўлення пра свет і ўласнай думкі ад іх нават не пачуеш. Відаць, такое пакаленне. Нам проста хацелася нешта зрабіць і змяніць.

У 2001 годзе Ты апынуўся ў далёкай Партугаліі, дзе за фільм „Чарнобыльцы” з ліку 360 рэгіянальных тэлестанцый атрымаў Ты самую прэстыжную ўзнагароду. Будучы ў Порта, Ты думаў пра свае родныя Кашалі і свой шлях?

— Той год быў для мяне страшэнна цяжкім. Вялікай траўмай для мяне стала тады смерць мамы. Мае думкі ўвесь час кружылі вакол роднага дома. Таксама і ў Партугаліі. Рэалізуючы фільм пра трагедыю звычайных людзей, якія пацярпелі ад Чарнобыля, шмат разоў прыйшлося аглядаць мне цярпенне, боль людзей, якім лёс забіраў усё найдаражэйшае на свеце — жыццё сваіх блізкіх, пакіданне сваіх бацькоўскіх хат. Трагедыя універсальных каштоўнасцей. Каля такога не пройдзеш абыякава. Калі я глядзеў на разбураныя вёскі ў чарнобыльскай зоне, часта лавіў сябе на думцы, што параўноўваю іх да маіх родных Кашалёў. Пасля таго, што бачыў, хацеў я іх уявіць нават прыгажэйшымі за сваю вёску. Чарнобыльская траўма — так лёгка не адпускае. І калі я атрымаў ва ўзнагароду за фільм „Чарнобыльцы” скульптуру вагой у 17 кілаграмаў, апрача духоўных хваляванняў мне рэальна ў зваротнай дарозе прыйшлося і змагацца з канкрэтным цяжарам.

— Але бачанне Беларусі ў Польшчы ці Еўропе адбываецца перад усім праз прызму Аляксандра Лукашэнкі...

— На жаль, так. Мне хацелася б рабіць фільмы пра беларускую культуру, дзеячаў асветы ці навукі, прыроду, але на іх няма зацікаўлення. Грамадска-палітычная рэчаіснасць Беларусі вымушае займацца аднак тэматыкай, якая таксама хвалюе беларускую і еўрапейскую грамадскасць. Ад такой праўды таксама не можна ўцякаць і хавацца. Дарэчы, калі нямя беларускага тэлебачання, то можна мець сотні цудоўных сцэнарыяў, але рэалізуецца аднак тое, на што знойдуцца грошы. Дакументальнае кіно — гэта каштоўная справа.

Не хапае мне ў Тваіх фільмах пошукаў адказу на праблемы нашай беларускай, беластоцкай рэчаіснасці. „Ад мору і голаду” — гэта толькі экзотыка, а не злабадзённая рэчаіснасць...

— Крыху так ёсць. Тое, што зараз адбываецца ў нас вельмі моцна мяне баліць. Працэс паланізацыі ідзе маланкава на нашых вачах. Я разумею, што гэта ўсё трэба запісаць і зняць. Следам нашай адметнасці застануцца пакінутыя намі кніжкі, газеты, дакументальныя запісы на радыё і тэлебачанні. Таму ёсць і ў мяне фільм пра „Бурага”, што пакінуў крывавы след у беларускай свядомасці пасля вайны. І кіно пра беларуска-жыдоўскія суадносіны ў міжваенны перыяд. Таксама бежанства не выпушчана з-пад маёй увагі. Вядома, лягчэй рэалізаваць справы, у якіх я аж так моцна эмацыянальна не заангажаваны. Але сёння ніхто на запісанне праўды пра нас не хоча выкласці ані залатоўкі.

А місія Беластоцкага тэлебачання?

— Запісанае можа быць усё, але Беластоцкае тэлебачанне не мае на гэта сродкаў. Паспрабавалі мы напісаць супольны праект з Алегам Латышонкам і прафесарам Адамам Дабронскім на цыкл дакументальных фільмаў пра польска-беларускія суадносіны на Беласточчыне ў ХХ стагоддзі. Ніхто пазітыўна не адгукнуўся.

У такой сітуацыі не хочацца Табе кінуць камеру і клопаты?

— Пакуль не думаў. Тое, што раблю, дае мне сатысфакцыю. Гэта вельмі цікавая праца. А сваёй дарогай лепшых прапаноў пакуль што няма.

— Дзякую за размову.

Размаўляў Яўген ВАПА

Юрка Каліна нарадзіўся ў 1967 г. Пражываў у вёсцы Кашалі Бельскага павета. Закончыў Пачатковую школу ў Орлі, а затым Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім. Абітурыент факультэта гісторыі Філіі Варшаўскага універсітэта ў Беластоку. У канцы 1980-х гадоў суарганізатар незалежнага, беларускага студэнцкага і палітычнага жыцця на Беласточчыне. Пасля студыяў прафесійна звязаны са штомесячнікам „Часопіс”, у якім займаўся, між іншым, злачыннай дзейнасцю польскага ўзброенага падполля ў дачыненні да беларусаў. З паловы дзевяностых гадоў супрацоўнік Варшаўскага тэлевізійнага асяродка. Цяпер працуе на Беластоцкім тэлебачанні, у якім кіруе блокам праграм пра нацыянальныя меншасці. Жонка Міраслава — настаўніца гісторыі. Дзеці — Міхась і Оля — ахвотна вывучаюць беларускую мову ў беластоцкіх школах.

Найбольш вядомыя ўзнагароды за дакументальныя фільмы Юркі Каліны

2001 — „Чарнобыльцы”. Гран-пры Еўрапейскага аб’яднання рэгіянальных тэлебачанняў у Порта (Партугалія). Дакументальны фільм „Чарнобыльцы” прысвечаны людзям, якія вярнуліся жыць на забруджаныя ў выніку чарнобыльскай катастрофы 1986 года тэрыторыі ў Беларусі.

2001 — „Ад мору і голаду”. Галоўная ўзнагарода І Міжнароднага агляду экалагічных фільмаў „Экарай” у Райградзе. Фільм распавядае пра свет шаптух на Беласточчыне, якія даюць надзею хворым.

2001 — „Ад мору і голаду”. ІІІ узнагарода на Аглядзе журналісцкага рэпартажу рэгіянальных тэлебачанняў.

2001 — Супольна з Міколам Ваўранюком і Яўгенам Шпакоўскім вылучэнне ў Кракаве на пятым Міжнародным фестывалі этнічнах фільмаў і праграм „У сябе” за праграмную прапанову Беластоцкага тэлебачання.

2002 — „Пагоня за праўдай”. Галоўная ўзнагарода аўстрыйскага аддзялення Асацыяцыі „Рэпарцёры без межаў”. Фільм распавядае пра праслед незалежных медыяў у Беларусі на прыкладзе двух прыгавораных на турэмнае зняволенне журналістаў гродзенскай газеты „Пагоня” — Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі.

2003 — „Чарнобыльцы”. Гран-пры Міжнароднага фестывалю экалагічных фільмаў „Экафорум” у Бельску-Бялай.

2003 — „Пагоня за праўдай”. І узнагарода на Аглядзе журналісцкага рэпартажу рэгіянальных тэлебачанняў.

2003 — „Пагоня за праўдай”. ІІ узнагарода на Міжнародным фестывалі дакументальных фільмаў у Любліне. Вылучэнне на Фільмавым фестывалі ў Волядэр у Мексіцы.

2004 — „Апошні дыктатар Еўропы”. Узнагарода на Міжнародным фільмавым фестывалі ў Аламунцы ў Чэхіі. Фільм распавядае пра механізмы функцыянавання ўлады Аляксандра Лукашэнкі.