Ніва № 44 (2529), 31 кастрычніка 2004 г.

У новым будынку

Аляксей МАРОЗ

Ад пачатку кастрычніка чыноўнікі Гміннай управы ў Чыжах працуюць у новым будынку. Яго ўзвядзенне каштавала каля 800 тысяч злотых і выконвалася ў двух этапах. Інвестыцыю распачаў у 1995 годзе тадышні войт Рыгор Мацкевіч. На выкананне сцен і даху выдаткаваў ён каля 300 тысяч злотых і інвестыцыя спынілася да 2003 года. За апошні год цяперашні войт Юрый Васілюк на завяршэнне будовы выдаткаваў 480 тысяч злотых. Будаўнічыя работы часткова фінансаваў Кааператыўны банк у Гайнаўцы, які займае вялікую залу на першым паверсе. Некалькі пакояў будзе арандаваць паштовае аддзяленне.

Архітэктура будынка прыцягвае ўвагу наведвальнікаў. Побач увахода — стаянкі для машын і веласіпедаў ды каляровыя тратуары. На ўчастку ля галоўнай вуліцы будзе засеяна трава. Стары калодзеж будзе перабудаваны і ўпрыгожаны. Застанецца, распаложаны збоку, драўляны будынак вясковай святліцы, у якім надалей будуць арганізавацца вялікія культурныя мерапрыемствы. Выстаўкі, сесіі Гміннай рады і невялікія сустрэчы будуць ладзіцца ў вялікай зале новага будынка. У вялікім кабінеце войта за канферэнцыйным сталом будуць адбывацца пасяджэнні камісій гміннай рады.

— Запрапанаваў я размясціць у будынку Гміннай управы банк і пошту, каб людзі на месцы маглі аформіць усе неабходныя справы, — кажа войт Юрый Васілюк. — Удзел банка ў будове паменшыў выдаткі гміннага бюджэту...

(...)