Ніва № 42 (2527), 17 кастрычніка 2004 г.

Сухляны і Макраны

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

Калі ад Жыўкова, што між Заблудавам і Нарвай, павярнуць у Сацы, перад першай хутаранскай хатай стаіць табліца з запрашэннем у Краіну адкрытых аканіц. Паколькі набачыўся я нашых розных хат, зацікавіла мяне, наколькі ў Сацах у сапраўднасці тыя аканіцы адкрытыя. Чарговая хата ўсяліла ў мяне насцярожанасць: аканіц на ёй не было, затое адкрытае адно акно і дзверы, разваленыя гаспадарчыя будынкі ды адсутнасць там жывога духа.

У Сацах паварочваю направа. У вёсцы даволі ціха, акуратны брукавы насціл паведамляе, што машыны не надта здзекуюцца над ім. Большасць хат з аканіцамі, адкрытымі, акуратна памаляванымі. Памаляваны не толькі створкі і ліштвы, але таксама надваконнікі ды навугольнікі. Надваконнікі тут выкананы ў адной манеры, відаць паводле ўзору ад аднаго майстра. Усе яны скразной прапілоўкі з сіметрычным ажурным раслінным матывам з пасаджанымі па баках птушкамі. Ды і нумары на так адноўленых хатах новыя — яны на дошкавым прамавугольніку таксама звенчаным парай птушак.

Спыняюся каля тройкі старажылаў, што выйшлі пасядзець на зацененай ад спякоты лаўцы.

— Наша вёска двайная, — кажа адна з жанчын. — Тут Сухляны, а там Макраны...

(...)