Ніва № 42 (2527), 17 кастрычніка 2004 г.

NIK і... хто наступны?

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Амаль паралельна з расправай над „Нівай”, Найвышэйшая кантрольная палата (NIK) узяла пад павелічальнае шкло школы з навучаннем беларускай мовы. Што самае цікавае, пад паслякантрольным выступленнем у Комплексе школ у Гайнаўцы падпісаўся віцэ-дырэктар прадстаўніцтва NIK у Беластоку Мар’ян Мінкевіч. За ўрада Ежы Бузка шэфстваваў ён беластоцкаму прадстаўнцітву Установы аховы дзяржавы (UOP).

— Наша школа ўзнікла гады таму з думкай аб беларускай меншасці. Такая яе існасць, — кажа Васіль Ляшчынскі, дырэктар скантраляванай NIK падставоўкі і гімназіі ў Бельску-Падляшскім з беларускай мовай.

— Калі хто не хоча паслаць дзіця ў беларускую школу, пашле яго ў тую, да якой яно прыпісана, — прыпамінае Яўген Сачко з беларускага комплексу школ у Гайнаўцы.

Асноўныя закіды

Школу ў Бельску скантралявала варшаўскае цэнтральнае кіраўніцтва NIK. Пасля „rozpoznania problemu” даручыла кантроль у іншых школах, таксама іншых меншасцей, на тэрыторыі краіны. Як сцвярджае Антоні Янухта, дырэктар прадстаўніцтва NIK у Беластоку, было гэта згодна з ранейшымі зацвярджэннямі і гадавымі планамі кантролю:

— Гэта не была наша ідэя. Наплываючыя імпульсы ацаняюцца ў цэнтральным кіраўніцтве.

Чаму запланавана заняцца якраз гэтай праблемай, цяжка сцвердзіць. У адносінах да школ у Бельску і ў Гайнаўцы былі сфармуляваныя падобныя высновы. Тры з іх датычаць існасці іх функцыянавання. NIK патрабуе:

— дапоўніць абавязак атрымлівання ад бацькоў альбо праўных апекуноў дзяцей пісьмовай заявы ў справе асветы на мове нацыянальнай меншасці;

— выкарыстаць у працэсе навучання беларускай мовы праграмы навучання дапушчаныя міністрам адукацыі;

— уключыць у дыдактычныя планы элементы гісторыі і геаграфіі Беларусі.

Выступленне наконт гайнаўскай школы пачалі, аднак, ад „моркаўкі” — сцвярджэння супярэчнага з існасцю пасля выказаных указанняў: „NIK пазітыўна ацэньвае дзеянні Комплексу школ у ахопленым кантролем дыяпазоне, незалежна ад няправільнасцей, якія ўсё-такі не маюць асноўнага ўплыву на кантраляваную дзейнасць”.

— Nie trzeba demonizowac sprawy. Трактуем яе выключна як недапаўненне фармальных патрабаванняў. Але правіла ёсць правілам, — сцвярджае Тадэвуш Вэсалоўскі, які быў каардынатарам кантролю ў падляшскіх меншасных школах (таксама і літоўскай).

— Нам балюча, што гэтая і іншыя кантролі, якія датычаць меншасных асяроддзяў, успрымаюцца як атака. У гэтым кантролю справа ў выяўленні паталогій з боку ўрада і самаўрада, — зазначае дырэктар Янухта.

Усё ж ніякіх указанняў, якія б вынікалі з кантролю беларускіх школ, ці раней „Нівы”, для гэтых устаноў няма.

У абароне грамадзян?

Найбольш спрэчных пытанняў выклікае закід аб неабходнасці падавання бацькамі альбо апекунамі пісьмовых заяў наконт вывучання беларускай мовы. NIK спасылаецца тут асабліва на распараджэнне Міністэрства нацыянальнай адукацыі ад 3 снежня 2002 г., якое да гэтага забавязвае, з выключэннем вучняў вышэй 16 гадоў, якія такую заяву могуць падаць самастойна. Гэты абавязак пасля ажыццяўлення распараджэння і шмат гадоў раней не быў рэспектаваны ў школах з меншаснай мовай, а толькі выключна там, дзе ёсць класы з дадатковым яе навучаннем.

— Я пісаў у гэтай справе тлумачэнні, але не было зразумення, — прызнаецца дырэктар Сачко. — Адпісваў, што маем у статуце запіс, што з прадпасылкі ўжо сам факт падання дакументаў у нашу школу — раўназначны з выказаннем волі вывучання беларускай мовы. А наш статут быў састаўлены згодна з законам, што пацвердзіў ваявода.

— Гэтыя запісы, мабыць, патрэбныя ў іншых школах, у такой Варшаве, дзе лік што найменш сямі вучняў патрэбны да стварэння класа з меншаснай мовай, але не ў нашых школах, звышакружных, — дадае дырэктар Ляшчынскі. — Тут жывуць кампактныя меншасныя групы. Парадокс у тым, што, напрыклад, бацькі шасцікласнікаў, якія дагэтуль вывучалі беларускую мову, будуць мусіць раптам пісьмова пацвердзіць гэтую ахвоту. Закідаецца нам, што прымушаем да вывучання мовы тых, хто яе не хоча вывучаць.

— Некаторым вучням бліжэй у іншыя школы. Можа, яны не хочуць вывучаць беларускую мову? Накладанне на іх у такім выпадку такога абавязку выходзіць па-за агульна абавязваючыя грамадзянскія правы, — бароніцца інспектар Вэсалоўскі.

Абсурд? Няведанне?

Дырэктары школ у Гайнаўцы і Бельску апасаюцца, што ў сувязі з патрабаваннем пісьмовых заяў можа дайсці да своеасаблівага бунту і бацькі не схочуць гэтага рабіць, а старэйшая моладзь перастане вывучаць беларускую мову. Гэта паўплывае на тое, што ўвогуле страціць сэнс існаванне беларускіх школ. У гайнаўскім ліэі вучацца 364 вучні, у гімназіі — 183. У скантраляванай бельскай школе: у падставоўцы — 582, а ў гімназіі — 327.

Указанні NIK аб неабходнасці падавання заяў здзівілі падляшскую куратар асветы Зофію Транцыгер-Кочук. У размове з „Нівай” сказала яна:

Гэта абсурд! Вынікае гэта з няведання справы, што навучанне беларускай мовы ў гэтых школах — аблігатарыйнае. Мабыць, вынікла гэта з недакладнага і павярхоўнага даследавання тэмы.

Іначай думае Гражына Плашайская з Міністэрства нацыянальнай адукацыі, якая займаецца меншасным школьніцтвам:

— Дырэктарам школ патрэбныя такія заявы ў статыстыкі, якія ў сваю чаргу служаць ім да гадавой арганізацыі працы. Не кожны мусіць вывучаць меншасную мову.

На нішто не здаліся тут тлумачэнні аб адметнасці скантраляваных школ.

Куратар разнюхае

Сур’ёзная праблема для вырашэння стане перад беларускімі школамі ў выніку ўказання неабходнасці выкарыстання ў ходзе навукі праграм беларускай мовы зацверджаных МНА і абавязку ўвядзення элементаў гісторыі і геаграфіі Беларусі.

— Маем аўтарскія праграмы. Фактычна няма аднолькавых праграм навучання для ўсіх беларускіх школ і там, дзе выкладаецца беларуская мова. Калі б кожная школа высылала для зацвярджэння як абавязваючую сваю праграму, ад моладзі чакалася б у час экзаменаў чагосьці іншага, — дадае дырэктар Ляшчынскі.

Так як і ён, так і дырэктар Сачко прызнаюцца, што хтосьці ўрэшце гэтае пытанне павінен скаардынаваць.

— Кураторыя ў гэтай справе нічога не робіць, — сцвярджае дырэктар Сачко.

— Маем з гэтай справай праблему, у адносінах да беларускага асяроддзя. Не можам актывізаваць настаўнікаў, — наракае Гражына Плашайская. — Імпульсам магла б быць падляшская кураторыя. Заняцца справай абяцаў таксама пан Сычэўскі. Пры нагодзе, памятаю, што мелі мы зацверджаную праграму навучання гісторыі пана Яўгена Вапы. Але трэба яе мадыфікаваць, дастасаваць да трохступеньчатай школьнай сістэмы.

Фактычна, праграма Яўгена Вапы была зацверджана МНА. Ніколі, аднак, не трапіла ў школы. Прапала ў бездані шуфляд кураторыі ў Беластоку.

— Дык жа ж паводле нейкіх праграм навучанне таксама і ў беларускіх школах вядзецца, — кажа куратар Транцыгер-Кочук. — Чаму яны не зацверджаныя? Мусім... разнюхаць. Справу трэба выпрастаць.

Чаму толькі цяпер, калі да скуры беларускім школам дабралася NIK, а не, напрыклад, у час чарговых у апошнія гады наведванняў школ у Гайнаўцы ці Бельску візітатарамі — пані куратар пазбагяе адказу.

І чаму цяпер?

Інфармацыя аб кантролю з’явілася амаль у адзін час з накіраваннем у пракуратуру закідаў супраць „Нівы” пасля кантролю NIK. У момант, калі паявіліся пытанні, сярод якіх — чаму з закідаў палата не прыняла пад увагу прыхільную пазіцыю Міністэрства культуры, аб якой інспектары ведалі.

— Мне нельга даваць ніякіх інфармацый да часу завяршэння судовага працэсу. Магло б гэта паўплываць на яго ход, — заявіла Бажэна Кішло, шэфіха пракуратуры Беласток-Поўдзень, якая займаецца „афёрай”.

— Гэта дзіўна, — сцвярджае дырэктар дэпартамента культуры нацыянальных меншасцей Міністэрства культуры Ежы Завіша.

Да таго вынікі школьнага кантролю паявіліся тады, калі аказалася, што закіды пастаўлены тром членам Праграмнай рады: Юрыю Хмялеўскаму, Міхалу Стэльмашуку і Міхалу Андрасюку, якія не маглі дапусціцца закідваных ім дзеянняў, паколькі не былі членамі ўправы.

Урэшце тады — калі закон аб нацыянальных меншасцях перад апошнім чытаннем стаў мець штораз менш шанцаў на зацвярджэнне.