Ніва № 42 (2527), 17 кастрычніка 2004 г.

Заява

Як нам стала ведама, улады Беласточчыны пачалі справу супраць тыднёвіка „Ніва” — адзінага ў Польшчы на беларускай мове, які карыстаецца вялікай папулярнасьцю сярод беларусаў усяго сьвету.

Пад маскай бухгалтарскай праверкі і другіх форм ціску ідзе акцыя па ліквідацыі ня толькі тыднёвіка „Ніва”, але і беларускага школьніцтва, якое яшчэ захавалася на Беласточчыне, хаця беларускімі школамі іх можна назваць толькі ўмоўна, бо адзіным беларускім прадметам, які захаваўся — гэта пару гадзін на тыдзень беларускай мовы.

Як усё гэта нагадвае сумныя міжваенныя часы, калі польскімі ўладамі ў Заходняй Беларусі была зьліквідавана ўся беларуская культурная дзейнасьць. З сямі беларускіх гімназіяў у 1939 годзе асталася адна гімназія ў Вільні, і тая была далучана да польскай гімназіі. Не засталося ні адной беларускай сярэдняй ці пачатковай школы, а беларусы лічыліся грамадзянамі другой катэгорыі.

Мы верым, што Польшча, якая актыўна выступае супроць антыдэмакратычнага рэжыму ў Беларусі, у новай гісторыі будзе больш спрыяльна адносіцца да беларусаў-аўтахтонаў, пражываючых на Беласточчыне.

Прынята на паседжаньні Рады Таварыства беларускай культуры ў Літве і Таварыства беларускай мовы Віленскага краю.

7 кастрычніка 2004 году