Ніва № 41 (2526), 10 кастрычніка 2004 г.

Трэба даследаваць Гайнаўшчыну

Аляксей МАРОЗ

У навуковай канферэнцыі „Супольнасць культурнай спадчыны зямель Беларусі і Польшчы”, якая з 18 па 21 верасня праходзіла ў гатэлі „Ажахоўскі” ў Гайнаўцы, прынялі ўдзел беларускія і польскія археолагі. Расказалі яны пра вынікі археалагічных работ і прапанавалі дакладней даследаваць Гайнаўшчыну.

З дзевяностых гадоў вядзецца актыўнае супрацоўніцтва паміж археалагічнымі асяроддзямі Польшчы і Беларусі. У 1997 годзе створана была праграма „Археалогія міжмора”. У яе рамках вяліся супольныя польска-беларускія раскопкі, доследы, арганізаваліся выстаўкі, супольныя семінары і выдаваліся кніжкі. У 2000 годзе была наладжана супольная навуковая канферэнцыя ў Брэсце. Гайнаўская канферэнцыя дала магчымасць падвесці вынікі некаторых супольных археалагічных работ. Раскопкі вяліся ў Беларусі і Польшчы на месцах, дзе захаваліся помнікі сярэднявечча і ранейшых часоў.

— Разам з польскімі археолагамі вялі мы раскопкі на месцы, дзе мелі класці газаправод. На Падляшшы знайшлі мы сляды асаднікаў з ІІІ стагоддзя, якія прэзентавалі культуру штрыхаванай керамікі (усходнееўрапейская лясная зона) і прыбылі з зямель сённяшняй цэнтральнай Беларусі. Сляды існавання культуры ўсходнееўрапейскай лясной зоны знойдзены таксама каля Суража і Грыневіч-Вялікіх, — заявіў Вадзім Белявец з Гістарычнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Расказваў ён пра працэсы, што адбываліся ў Заходнім Палессі ў перыяд рымскіх уздзеянняў (ІІ-ІІІ стагоддзе)...

(...)