Ніва № 41 (2526), 10 кастрычніка 2004 г.

У мяне няма пра што з вамі гаварыць

Аляксандр МАКСІМЮК

Гэтак званае беларускае пытанне на Беласточчыне заўжды ўтрымлівалася пад клапаном. Нават у апошняе дзесяцігоддзе беларуская прысутнасць не займела свайго афіцыйнага вымярэння — мерапрыемствы ў выкананні няўрадавых арганізацый так, але каб беларуская меншасць стала ў нейкім сэнсе суб’ектам палітыкі ўрада хай сабе і на ваяводскім узроўні, дык ужо не. Тут можна было б прывесці прыклады такіх ці іншых афіцыйных мерапрыемстваў, беларуская адсутнасць у якіх мела сваё больш або менш тактоўнае вытлумачэнне. Тая ж самая „беларуская прысутнасць” у іншых (неафіцыйных ды не на паказ) сітуацыях была дасканалым вытлумачэннем які наш рэгіён багаты і шматкультурны.

Гэткае становішча магло б працягвацца і надалей, але па дарозе адбылася рэч недаравальная. Беларусы ўсё ж выйшлі з-пад клапана і наперакор клапанавартавым займелі сваё афіцыйнае месца ў грамадстве. Сталася тое, можна сказаць, зусім „выпадкова” і „не на злосць” польскаму грамадству. Беларусы займелі сваё досыць прыстойнае месца ў афіцыйнай дзяржаўнай статыстыцы пасля перапісу насельніцтва 2002 года. Гэты ж „выпадак” нейкім чынам дадаўся да станоўчага вобліку абодвух ліцэяў, у якіх навучаецца беларуская мова, ды да факту ўзнікнення такога навучання ў Беластоку.

Магу ў гэтым месцы паспорыць з кім заўгодна, што з пункту гледжання польскага дзяржаўнага інтарэсу гэта выглядае так: „Паглядзіце, яны, бляха, замест асімілявацца, усё астатняе дзесяцігоддзе толькі прыкідваліся, што гэта робяць”. У выніку мы маем суд над „Нівай”, якому ў гэтым нумары адводзіцца дастаткова месца, таму я нагадаю толькі некаторыя агульнагістарычныя рысы беларускага лёсу.

Беларус у крытычных момантах заставаўся сам-насам. Усё, на што мог ён разлічваць — гэта салідарнасць другога беларуса. Але ж усім ясна, што менавіта на тое і вяршыліся суды над усякімі „нівамі”, „крыніцамі” і „зараніцамі”, каб праявы такой салідарнасці не адбываліся, каб пазбавіць чалавека адвагі заступіцца за свой лёс. Ужо становіцца ясным, што напэўна такая салідарнасць прыйдзе ад беларускіх грамадскасцяў у замежжы.

Ва ўсім свеце ёсць яшчэ нешта, што завецца прафесійнай салідарнасцю. У выпадку прэсы — а з такім выпадкам мы маем дачыненне — салідарнасць тая праяўляецца асабліва моцна. Вось, летам гэтага года беларускае Міністэрства замежных спраў адабрала ў журналіста Міхала Падаляка акрэдытацыю, сцвярджаючы, што дапусціўся ён скажэнняў у сваіх допісах, а паколькі быў ён украінскім грамадзянінам, дык яго яшчэ і „пасадзілі ў цягнік на Украіну”. Наступнага дня ведаў аб гэтым выдварэнні без малога ўвесь свет — няважна, хто і адкуль той Падаляк, але ён журналіст ды журналісты ва ўсіх кутках зямнога шара напісалі „Б’юць нашага”. Праз некалькі дзён беларускі ўрад адчуў сябе прымушаным афіцыйна патлумачыць сваё рашэнне.

А як жа выглядае прафесійная салідарнасць у нашым выпадку? У нашым выпадку мы маем дачыненне з нечым сур’ёзнейшым — абвінавачваецца пяць чалавек, якія выконваюць грамадскую функцыю ў беларускай арганізацыі. У выніку прысуду ў іх вялікі шанц апынуцца ў якасці грамадзян горшай катэгорыі — будуць пазбаўлены некаторых грамадзянскіх правоў (напрыклад, актыўнага выбарчага права). Ці галоўны рэдактар, напрыклад, „Кур’ера параннага” сказаў праф. Універсітэта ў Беластоку Яўгену Мірановічу „Слухай, у чым змагу, у тым і падтрымаю — спакойна растлумачым усю справу на маіх палосках”? Тры беластоцкія штодзёнкі салідарна змаўчалі заяву Асацыяцыі беларускіх журналістаў у падтрымку нашага тыднёвіка, а любое выказванне таго ж прафесара асвятляецца такім чынам, каб у вачах польскай грамадскасці беларусы бачыліся гратэскна, недарэчна і, прытым, крымінальна. Усе гэтыя акалічнасці, калі сабраць іх агулам, ствараюць вобраз нечага, што можам акрэсліць „нормай незалежнай, аб’ектыўнай і дэмакратычнай прэсы ў Беластоку”.

На заканчэнне хачу ўжо прыватна сказаць усім тым беластоцкім журналістам, якіх ведаю і якія мяне ведаюць, што з-за гэтага недахопу вашай элементарнай салідарнасці ў мяне няма пра што з вамі гаварыць. Мабыць, вам гэта да лямпачкі, але так паміж журналістамі быць не павінна і, у свеце, не бывае.