Ніва № 41 (2526), 10 кастрычніка 2004 г.

Заява Ўправы Партыі Беларускага Народнага Фронту

Партыя БНФ занепакоена сочыць за апошнімі падзеямі ў Беласточчыне. Паводле ацэнкі, дадзенай аўтарытэтнымі лідэрамі беларускае мяншыні Польшчы на старонках газэты „Ніва” й Асацыяцыяй беларускіх журналістаў, пэўныя дзяржаўныя органы Польскай Рэспублікі праводзяць акцыі, скіраваныя на абмежаваньне арганізаванага грамадзка-культурнага жыцьця беларускай нацыянальнай мяншыні.

На жаль, такія падставы можа даваць узноўлены судовы перасьлед сябраў Управы Праграмнай рады адзінага беларускамоўнага тыднёвіка ў Польшчы „Ніва”, а таксама адначасовы ціск на бацькоў, дзеці якіх вучацца ў школах зь беларускаю моваю выкладаньня (вымушэньне іх пісаць паўторныя дэклярацыі аб згодзе вучыць дзяцей па-беларуску).

Заклікаем улады Польскай дзяржавы й улады Падляскага ваяводзтва прыслухацца да меркаваньня аўтарытэтных беларускіх лідэраў і арганізацыяў Польшчы, абапірацца толькі на закон і факты, вярнуць сытуацыю ў канструктыўнае рэчышча, не даваць нікому падставаў сумнявацца ў добрай волі дэмакратычнай Польшчы як краіны Эўрапейскага Зьвязу гарантаваць правы беларускае мяншыні й забясьпечыць іх інстытуцыянальную рэалізацыю.

Партыя БНФ перакананая, што дэмакратычны лад дае невычэрпныя магчымасьці для самарэалізацыі нацыянальных мяншыняў. Высокі ровень грамадзка-культурнага й адукацыйнага жыцьця этнічных беларусаў — грамадзянаў Польшчы мог бы служыць магутным аргумэнтам на карысьць дэмакратыі для грамадзянаў Беларусі, дзе, як вядома, цяпер пасьлядоўна нішчыцца беларускамоўная прэса, выціскаецца беларуская мова з электронных мас-мэдыяў, рашэньнем улады зачыняюцца беларускія школы й ліцэі.

Пры нагодзе сьведчым яшчэ раз сваю безумоўную дэмакратычную салідарнасьць з правамі польскае мяншыні ў Беларусі. Цалкам падзяляем трывогу з-за беспадстаўнай нерэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты вядомых дзеячоў польскае мяншыні ў нашай краіне. Перакананыя, што Польская дэмакратычная дзяржава, яе палітычныя колы мусяць разрозьніваць беларусаў і лукашэнкаўскі рэжым. Этнічныя беларусы — грамадзяне Польшчы не павінны быць аб’ектам рэваншу за антыдэмакратычныя дзеяньні цяперашняй улады Беларусі супраць этнічных палякаў — грамадзянаў Беларусі.