Ніва № 41 (2526), 10 кастрычніка 2004 г.

Заява

У апошні час з непакоем наглядаем за зменай польскай палітыкі ў адносінах да беларусаў у Польшчы. Праверкі праведзеныя Найвышэйшай кантрольнай палатай у рэдакцыі штотыднёвіка „Ніва” і ў школах, у якіх навучаецца беларуская мова, выклікаюць уражанне запланаванай расправы з цэнтрамі нацыянальнага жыцця беларускай нацыянальнай меншасці.

Абвінавачанне Раённай пракуратурай Беласток-Поўдзень Управы Праграмнай рады тыднёвіка „Ніва” ўспрымаем як форму запалохвання беларускай грамадскасці, каб тая баялася ўключацца ў любую публічную дзейнасць. Прадстаўнікі польскіх улад і ўстаноў даюць беларусам перад выбарамі выразны сігнал, што распараджаюцца сродкамі і адпаведна падрыхтаванымі кадрамі, здольнымі кожнага грамадзяніна, які праяўляе незалежную думку, бяскарна прыніжаць, абвінавачваць, выкарыстоўваючы багаты набор рэпрэсіўных сродкаў, якія прымяняліся ў мінулых дзесяцігоддзях.

Пашырэнне дзеянняў супраць беларускага руху стала заўважальным пасля абнародавання вынікаў усеагульнага перапісу насельніцтва ад 2002 года, які паказаў існаванне амаль 50-тысячнай неапалячанай грамадскасці.

Упершыню ад сямідзесятых гадоў пастаноўлена з такой рашучасцю выкарыстаць дзяржаўны апарат для абмежавання беларускага нацыянальнага жыцця.

Гістарычны вопыт паказвае, што заўсёды, калі пачынаўся праслед беларускага руху на Беларусі, неадкладна падобны палітычны працэс у адносінах да беларускай меншасці ініцыяваўся ў Польшчы. З прыкрасцю сцвярджаем, што нават далучэнне Польшчы да Еўрапейскага Саюза не змяніла гэтую традыцыю.

Асацыяцыя беларускіх журналістаў салідарызуецца з сябрамі з Праграмнай рады тыднёвіка беларусаў у Польшчы „Ніва” і пратэстуе супраць метадаў, якія прымяняюцца адміністрацыяй у адносінах да іх.

Асацыяцыя беларускіх журналістаў
Беласток, 29 верасня 2004 г.