Ніва № 40 (2525), 3 кастрычніка 2004 г.

Занатоўкі з дарогі

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У адну нядзельку давялося мне неадкладна з’ездзіць у Белавежу. Справу аформіў хутка і пакарыстаўся нагодай, каб зайсці ў тамашнюю царкву. Перад зборам ахвяраванняў святар паведаміў, што пры белавежскім праваслаўным прыходзе паўстала спартыўная каманда, а яе прэзасам выбраны тамашні вікарый. Дабро на спартыўную прыхадскую дзейнасць далі ўсе неабходныя царкоўныя саны. І ў другую тацу будуць збірацца ахвяраванні на дзейнасць каманды... Раней у нейкім нашым рэлігійным выданні прачытаў я, што Царква наша збіраецца ўносіць хрысціянскія вартасці ў аб’яднаную Еўропу, дзе, як вядома, на стадыёны прыходзіць куды больш народу, чым у храмы; на набажэнстве таксама немнагалюдна. Калі збіральнікі наблізіліся да мяне, на „царкоўнай” тацы быў адно метал, а на „спартыўнай” апрача металу было і шмат паперы. У згаданай Еўропе куміры, у тым ліку і спартыўныя, у куды большай цане, чым служыцелі культу...

Ад Стачка пайшоў я ў бок Заставы. Зараз за рэчкай на даху аднаго з дамоў відаць заўважальны яшчэ надпіс „GALLERY”. Агароджа дома здалася мне аднекуль знаёмай, а сам яго від кантрастна нагадаў мне карціну Сальвадора Далі „Трываласць памяці”: у сюррэаліста аб’екты пакрыўлены, у белавежскай рэальнасці колеры спрошчаны амаль да шэрасці...

(...)