Ніва № 39 (2524), 26 верасня 2004 г.

На смерць паэта

Сакрат ЯНОВІЧ

У жніўні памёр паэт Тамаш Агатоўскі. Маё сяброўства з гэтым выдатным палякам даволі выпадковае: каторагасьці года ён напісаў быў сардэчны ліст, рэагуючы на публікацыю пра маё ў газеце „Rzeczpospolita”. Мы спісаліся.

Сімпатычныя пісьмы ад палякаў наогул не так частыя, але бываюць. Справа ў іх адвечнай закамплексаванасці ў шляхецкім духу. Сацыялагічна палякі залічаны ў арыстакратычныя нацыі Еўропы; гістарычна аж з дзесяціпрацэнтным адсоткам набілітантаў (у Францыі лік шляхты ў пяць разоў меншы; не перавышаў двух прац. ад усяе папуляцыі). Беларусаў кваліфікуецца як сялянскую нацыю, у паласе нешляхецкіх народаў ад Фінляндыі да Балканаў. Шляхты не менш за Польшчу мела, аднак, і Беларусь, але гэта не была беларуская шляхта, толькі па-каланіяльнаму польская. Асімілянцкая. Польскі шляхецкі народ апалячыў беларускі баярскі, які, зрэшты, паддаўся паланізацыі дзеля большае канстытуцыйнае свабоды, асабістай і грамадскай; польскасць у тую пару прэзентавала сабою еўрапейскасць, культутрную лепшасць. Цяпер жа чарга на знікненне за беларускім нашым сялянскім народам, ён заядла пазбываецца свайго сялянства дзеля панскасці. Бо Беларусь — гэта ўціск! Кола гісторыі коціцца...

(...)