Ніва № 39 (2524), 26 верасня 2004 г.

„Забытая” дата

Віктар САЗОНАЎ

Сённяшняя беларуская ўлада надае вельмі шмат увагі правядзенню рознага кшталту публічных мерапрыемстваў. Галоўная мэта — масавая ідэалагічная апрацоўка грамадскай думкі. Ні ў адной краіне былога СССР няма такой „пашаны” да тых святаў, якія святкаваліся ў Савецкім Саюзе, як у Беларусі. Дзень перамогі, гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, вызвалення Беларусі ад нямецкай акупацыі, утварэння БССР і гэтак далей. У нас нават музыка гімна засталася з савецкіх часоў. Толькі словы памяняліся. Цяпер замест былых „Мы, беларусы, з братняю Руссю...” гімн пачынаецца словамі „Мы беларусы, мірныя людзі...” Пампезныя вулічныя мерапрыемствы, якія з адпаведнымі каментарыямі транслююцца па нацыянальным тэлебачанні, маюць на мэце падаць беларускую гісторыю такой, якой яе паказвалі ў часы савецкай імперыі. Але адно свята, якое заўсёды адзначалася ў БССР, цяпер неяк не заўважаецца сённяшнімі ідэолагамі. Гэта 17 верасня, дзень аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, або як яго яшчэ неафіцыйна любілі называць у савецкія часы — дзень вызвалення Заходняй Беларусі. Цікава, чаму менавіта гэтае савецкае свята выпала з шэрагу прапагандысцкіх мерапрыемстваў улады. Можа таму, што немажліва пра яго згадаць так, каб не выплыла іншая праўда тых часоў. Каб беларус не задумаўся: а чаму Беларусь была падзелена, хто яе дзяліў і ці ўсё вярнулася і аб’ядналася.

Не сакрэт, што бальшавікі зусім не хацелі прызнаваць беларусаў як нацыю. Але не маглі ў тых умовах справіцца з нацыянальна свядомай беларускай элітай. А абвяшчэнне БНР змусіла іх стварыць БССР...

(...)