Ніва № 39 (2524), 26 верасня 2004 г.

Няма пра што гаварыць

Ганна КАНДРАЦЮК

— Ці ў вашым прадшколлі вывучаюць беларускую мову? — пытаю па тэлефоне ў Прадшколлі н-р 7 у Бельску-Падляшскім.

— Нічога такога ў нас няма! — чую ў адказ.

— Дык, можа, я памылкова трапіла ў садок, дзе ўкраінская мова.

— Не-не, — пярэчаць з другога боку. — Вы добра папалі.

Далей гутару з дырэктаркай садка. Уршуля Авярчук таксама заяўляе, што ў іх няма навучання беларускай мове.

— Rodzice sami nie wiedzieli czego chca, — чую ў трубцы. — Chcieli tylko, zeby ich dzieci mowily wierszyki i spiewaly.

— Гэта таксама цікава!

— Naprawde, nie ma o czym tu pisac, — стараецца знеахвоціць мяне пані дырэктар.

Першы сігнал пра няладныя адносіны да беларускай мовы мы атрымалі ўвесну, калі дзеткі з Прадшколля н-р 7 прыехалі на конкурс „Роднае слова” ў Нараўку. На пытанне, з якога яны садка, чуўся збянтэжаны адказ: „Мы — з дому культуры”. Хоць дзеці заваявалі там другое месца, пра іх поспех не ўпамінаецца на інтэрнэтнай старонцы садка: <www.przed7.prv.pl> або <www.republika.pl/przed7>. Дарэмна там шукаць інфармацыі пра групу беларускай тоеснасці, хоць пералічаны ўсе гурткі і заняткі для добраахвотнікаў. Няма інфармацыі пра рэгіянальную ізбу — залу-музей, якую наладзілі настаўніцы з дапамогай бацькоў і знаёмых.

Bo takie sa czasy

На другі дзень наведваю Прадшколле н-р 7. Папраўдзе, назоў уводзіць у зман — у Бельску працуе толькі чатыры дзіцячыя садкі. Усе яны больш-менш знаходзяцца ў цэнтры горада.

У „сямёрцы” 120 дзяцей і некалькі немаўлят (тут таксама яслі).

— Чаму так мала? Вінаватае беспрацоўе, — думае ўголас пані дырэктар. — Калі бацькі сядзяць дома, не павядуць дзіця ў садок.

Уршуля Авярчук без энтузіязму гаворыць пра беларускую мову ў іх прадшколлі.

— To, co robimy, to zwyczajna edukacja regionalna. To zreszta wynika z potrzeby programu i my staramy sie laczyc elementy kultury polskiej i bialoruskiej, bo takie sa czasy. Naprawde, nie ma jeszcze o czym mowic!

— А ці можна вас параўнаць з суседнім прадшколлем, дзе дзеці вывучаюць украінскія вершыкі і песні?

— To co innego, — хвалюецца пані дырэктар. — Tam to Zwiazek Ukraincow juz rzadzi!

Нашы карані з беларушчыны

У зале-музеі сустракаюся з аўтаркамі польска-беларускай праграмы: Іаанай Юзючук і Тэрэзай Артэмюк. Прыдумалі яе ў сувязі са спецыялізацыяй. Гаворка пра знаёмства з народнымі абрадамі, песнямі, звычаямі. У планах таксама ўдзел у беларускіх конкурсах, сустрэча з бабулямі дзетак. Вось у панядзелак наведае іх спадарыня Навіцкая з Грынявіч і будзе расказваць як калісь рыхтаваліся пад Прачыстую.

— Напэўна паўплывала на гэта тэма нашай магістэрскай дысертацыі, — кажа Іаанна Юзючук.

Настаўніцы і дырэктар прадшколля пісалі пра „Досвед іншасці ў польскіх грамадзян беларускага паходжання” ў прафесар Альжбеты Чыквін.

— Нашы карані — з беларушчыны, — адзначаюць аўтаркі праграмы. — Гэту культуру ведаем і хочам пераказаць яе сваім выхаванкам. Бацькі і дзеці зацікаўлены падтрымкай роднага. Вось у мінулым годзе на 26 асоб аж 18 пайшло ў бельскую „тройку”.

Праграма рэгіянальнай адукацыі зацверджана для ўсёй групы шасцігодкаў.

— На практыцы справа маецца інакш, — прызнаюцца настаўніцы. — Мы працуем з маленькай групай. Ужо пасля ўрокаў. І на грамадскіх пачатках.

— То колькі дзяцей вывучае ў вас элементы беларускай культуры?

— Пакуль — сямёра, — кажа дырэктар. — Wiecej nie dostarczylo oswiadczenia na pismie, ze jest zainteresowana taka nauka.

Паводле настаўніц, справа выглядае больш складана. Ідзе пра інфармацыйную блакаду. На бацькоўскім сходзе ні словам не ўпаміналася пра існаванне групы беларускай тоеснасці. У групе асталіся дзеці, якія ўдзельнічалі ў праграме ўжо ў мінулым годзе.

— Ды і мы самі не ведаем, што будзе заўтра, — кажуць. — І невядома, што адказваць бацькам, якія пытаюць ці ёсць у іх садку беларуская мова.

Хоць сустракаемся з дазволу дырэктар, размаўляем як у падполлі, шэптам.

— Як можна вучыць дзяцей талерантнасці, калі няма яе сярод дарослых? — заключаюць.

Непрыемныя хвіліны

— Пані дырэктар назвала мяне самай „упярдлівай” маці, — успамінае Маргарыта Валосік. Якраз яе дачка прымала ўдзел у „Родным слове”.

Спадарыня Валосік не хоча вяртацца ў мінулае.

— Я хачу як найхутчэй забыцца пра ўсе непрыемнасці, якія сустрэлі мяне з боку дырэктар. Найважнейшае, што мая дачка ходзіць на беларускія заняткі.

Спадарыня Валосік ад мяне чуе, што настаўніцы яе дачкі працуюць на грамадскіх пачатках. І што будучыня групы беларускай тоеснасці — невядомая.