Ніва № 38 (2523), 19 верасня 2004 г.

Падляшскі народны кірмаш

Міра ЛУКША

Аддзел этнаграфіі Падляшскага музея пяты ўжо раз сарганізаваў у Беластоку Падляшскі кірмаш народнай разьбы, кавальства і двухасноўных тканін (перабораў). Перад ратушай — сядзібай Падляшскага музея — паміж смакоццем — хлябамі ды булкамі, нарваўскімі агуркамі ды капустай (еўрасаюзны выраб!), мёдам і іншымі вырабамі пчол ды пітвом, пад музыку педальнай гармоні Маліноўскіх з вёскі Лазукі і Тыкоціна выставілі свае працы амаль трыццаць разьбяроў, ткачоў, маляроў на шкле, кавалёў з Падляшша, Курпяў, Мазовіі і Мазур. Сярод артыстаў былі таксама мастакі з Беларусі.

Відна прэзентавалася сям’я гродзенскіх бондараў — Святланы і Міхала Куксаў з драўлянымі вырабамі — бочкамі, куфлямі, балейкамі, кубламі. Міхал Кукса — інжынер-канструктар пасля віцебскай школы па падрыхтоўцы спецыялістаў па прадукцыі драўляных вырабаў, рабіў канструкцыі для вазоў і карэт. Дзед ягоны ўжо быў сталяр і бондар, і, здаецца, талент перадаўся ўнуку, перакананаму ў гэтым, што традыцыю трэба падтрымліваць. Сам вырабляе традыцыйны драўляны посуд, цікавіцца таксама дасягненнямі калег. А Мікола Скляр прывёз птушак і анёлаў. Асабліва драўляныя анёлы мелі вялікі поспех у пакупнікоў. Вырабы традыцыйна-народныя, але, вось, сярод ягоных рэзьбаў — надта сучасная прыгожая статуйка жанчыны з выпешчанымі кшталтамі. Праўда, без галавы яна і рук. Калі б мелая яна рукі, дык стала б патрабаваць усяго, як то кабета, жартуе разбяр, а і галава куды ёй...

(...)