Ніва № 38 (2523), 19 верасня 2004 г.

Стаўка на малако

Аляксей МАРОЗ

У Мілейчычах пераважаюць малаўраджайныя землі. Гаспадары ўжо ў мінулым пераўтваралі палі на сенажаці і займаліся жывёлагадоўляй. Пачаткова не было вялікіх статкаў кароў.

— „Ставім на кароў” — гэта лозунг маладых гаспадароў з Мілейчыцкай гміны, якія рашыліся заняцца прадукцыяй малака, — кажа Раман Савіцкі з Мілейчыч. Сустракаю яго побач гумна, якое прыстасоўваецца на абору. Малады гаспадар сутыкнуўся з жывёлагадоўляй у Германіі. Працаваў там у фермера і прыглядаўся як немцы пабольшваюць прадукцыю малака. Прыехаўшы дамоў, рашыўся разбудаваць бацькаўскую гаспадарку (14 гектараў) і заняцца адной спецыяльнасцю — жывёлагадоўляй. З яго ўзялі прыклад некалькі маладых гаспадароў з Мілейчыч.

Раман Савіцкі гаспадарыць на 58 гектарах зямлі. Гадуе 42 штукі быдла, у тым ліку 18 кароў. Намерваецца павялічыць статак да 32 кароў.

Яго панадворак на выгляд не адрозніваецца ад традыцыйных вясковых гаспадарак. Побач драўлянага хлява, упоперак панадворка, знаходзіцца вялікае гумно. Перад гаражом брукаваная дарога. Далей расце трава. Будынкі перабудоўваюцца ўсярэдзіне. Побач памяшкання з умяшчальнікам для малака, што знаходзіцца ў гаражы, ёсць даільны ўчастак. Гумно толькі часткова пераробленае на абору. Хлеў з цялятамі яшчэ чакае мадэрнізацыя...

(...)