Ніва № 38 (2523), 19 верасня 2004 г.

Двухмоўе

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Урэшце, пасля 11 гадоў дэпутацкіх прац, з’явіўся шанц, каб яшчэ сёлета быў прыняты Сеймам закон аб нацыянальных і этнічных меншасцях ды аб рэгіянальнай мове. Як кажа яго спікер, дэпутат Яўген Чыквін (СЛД), галасаванне ў гэтай справе можа адбыцца да Каляд.

— Гэты закон мае ўрэшце шанц быць прынятым, паколькі СЛД упісаў яго ў каталог прыярытэтаў тэрміну паўнамоцтваў гэтага Сейма.

Найважнейшыя пытанні ў законе, не вырашаныя да гэтай пары, датычаць ужывання мовы меншасці. Значыць, будзе можна карыстацца запісам імён і прозвішчаў у адпаведнасці з прынцыпамі беларускага правапісу ў актах грамадзянскага стану і дакументах тоеснасці. Закон гарантуе свабоднае карыстанне беларускай мовай у прыватным жыцці і публічным ужытку, распаўсюджванне на ёй усёй інфармацыі. Перад органамі гміны можа яна ўжывацца як дапаможная. Тут, аднак, ёсць агаворка, што так можа быць у гмінах, у якіх беларусы складаюць не менш чым 8 адсоткаў ад агульнай колькасці насельніцтва. Такіх гмін на Падляшшы больш за дзесяць (глядзі: табліца). Значыць, беларусы могуць звяртацца ў гмінныя органы па-беларуску ў пісьмовай форме (заявы, прашэнні), а таксама вусна (паводле закону: na wyrazny wniosek). Гэта значыць, што ў гмінных установах мусяць быць прыняты на працу асобы з пасведчаным веданнем беларускай мовы, а з гэтай прычыны атрымаюць дабаўку.

Згодна з законам, назвы ў беларускай мове могуць быць ужыванымі побач афіцыяйых назваў мясцовасцей, вуліц, назваў устаноў і інстытутаў публічнага карыстання. Гэта датычыць таксама гмін, дзе меншасць складае не менш чым 8 адсоткаў насельніцтва. Адно: гэтае рашэнне залежыць ад рады гміны, якая сама па сабе можа падаць заяву або да рады можа звярнуцца з заявай група жыхароў прадстаўляючых меншасць.

Унесены ў праект закону м.інш. запіс аб назначэнні пры прэм’еры рэкамендацыйна-дарадчыцкага органу: Супольнай камісіі ўрада і нацыянальных меншасцей. Ад беларусаў мае быць двух прадстаўнікоў. У сваю чаргу міністр унутраных спраў назначыць упаўнаважанага па справах веравызнанняў і нацыянальных меншасцей.

Канчатковы варыянт закону ўжо ў час прац у камісіях сустрэў супрацьстаянне з боку каталіцкай правіцы. На адным з найбліжэйшых пасяджэнняў Сейма мае быць прагаласаваных найменш 25 паправак, заяўленых дэпутатамі ад Каталіцка-нацянальнага руху (RKN) і Лігі польскіх сем’яў (LPR). Галоўным чынам залежыць ім, каб павысіць колькасны парог (з 8% на 50%) жыхароў меншасцей у мясцовасцях, у якіх маюць абавязваць двухмоўныя назвы і дзе справы можна будзе афармляць на мове меншасці (дапаможнай).

— Меншасць не можа дыскрымінаваць большасці! — грымеў на адным з пасяджэнняў трох сеймавых камісій, якія працавалі над законам, дэпутат ад RKN Антоні Стрыеўскі.

Падтакваў яму ў размове з „Нівай” падляшскі дэпутат ад LPR Анджэй Фэдаровіч:

— Жывем у польскай краіне і мы павінны карыстацца польскай мовай. За абавязкам карыстацца ва ўстановах мовай меншасці стаіць ахвота даць працу „сваім”.

Пры нагодзе дэпутат Фэдаровіч дадаў без канфузу:

— Я — вораг распаўсюджвання карыкатурных моў меншасцей, якімі карыстаецца Тэлебачанне Беласток. Гэтае балбатанне абражае шмат якія нацыі.

Стрымана ў справе закону азываецца сенатар Кшыштаф Юргель (PiS), ранейшы дэпутат, вядомы з незычлівых выказванняў аб беларусах:

— Пакуль што, не хачу выказвацца. Трэба пазнаёміцца з усімі аргументамі.

Асцярожнымі ў выказваннях былі прадстаўнікі самаўрадаў, якіх мы распытвалі. Войт Чаромхаўскай гміны Міхал Врублеўскі, якога ў іншай справе турбавалі раней журналісты, сказаў толькі:

— Не буду выказваць свае пазіцыі. Яшчэ прышыюць мне палітычную латку!

Сакратар Управы гміны Бельска-Падляшскага Раіса Раецкая:

— Вы мяне заспелі. Не ведаю, што адказаць. Пэўна, будуць патрэбны грамадскія кансультацыі.

Міхал Андрасюк — радны Гайнаўскага павета, а заадно шэф Беларускага самаўрадавага форуму — упэўнены ў патрэбе ажыццяўлення закону на практыцы, у тым ліку — падвойных назваў:

— Як Беларуска-народны выбарчы камітэт і Форум будзем пераконваць наконт гэтага самаўрады і клубы. Наколькі ведаю, дасюль такая ідэя не мела большай падтрымкі.

На думку Міхала Андрасюка, праблемай будзе магчымасць карыстання беларускай мовай ва ўстановах.

— З веданнем беларускай мовы чыноўнікамі — ненайлепш, хоць некаторыя з іх — выпускнікі беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы ці Бельску.

Дэпутат Яўген Чыквін асцерагае:

— Не спяшаймася! Найперш трэба пераканаць польскую большасць у тым, што пасля ўвядзення падвойных назваў ці карыстання мовай меншасці ва ўстановах нічога ёй не пагражае. Закон не можа выклікаць антаганізмаў.

Заявіў прытым, што з уласнага кашалька ўстановіць двухмоўную табліцу на гміннай установе ў Орлі, адкуль сам ён родам, вядома, калі адпаведнае рашэнне заявіць тамашняя Гмінная рада.

Аб тым, што ажыццыяўленне закону не будзе простым і не абыдзецца без скрыгатання, можа ўжо сведчыць выказванне войта Міхалоўскай гміны Марка Назаркі:

— Афіцыйныя справы павінны афармляцца на польскай мове, паколькі мы жывем у Польшчы.

Меншасці былі палічаны ў час апошняга перапісу насельніцтва. У адпаведнасці з ім, палажэнні закону датычылі б на Падляшшы (таксама і ў Міхалове) беларусаў і ў невялікай частцы былое Сувальшчыны — літоўцаў.