Ніва № 37 (2522), 12 верасня 2004 г.

Заідэалагізаваныя часы

Юры ГУМЯНЮК

Прадстаўнікі беларускай і польскай інтэлігенцыі нататку „Почтили память героя Польши”, надрукаваную 1 верасня ў газеце „Вечерний Гродно”, успрынялі як спланаваную палітычную правакацыю.

Асаблівае абурэнне выклікаюць два моманты публікацыі. Па-першае, у нататцы сцвярджаецца, што героя паўстання 1863 года Рамуальда Траўгута пакаралі смерцю 140 гадоў таму ПОЛЬСКІЯ (!) ўлады. Хаця тады Польшчы як самастойнай дзяржавы не існавала, а паўстанне 1863 года мела нацыянальна-вызвольны характар і было скіравана супраць царызму. А па-другое, паводле інфармацыі газеты „Вечерний Гродно”, помнік герою, узнесены ў Свіслачы ў 1928 годзе, „в сентябре 1939 года во время ОСВОБОДИТЕЛЬНОГО (!) похода в Западную Белоруссию ПО НЕЗНАНИЮ (!) красноармейцы разрушили”.

Мне, як сябру Беларускага ПЭН-цэнтра, паэту і публіцысту, здаецца вельмі сімптаматычным, што публікацыя выйшла менавіта 1 верасня — якраз на 65-гадавіну нападу фашыстоўскай Нямеччыны на Польшчу. Ну а з тым „вызвольным паходам” чырвонаармейцаў у Заходнюю Беларусь ды іх „незнанием” выйшаў канкрэтны пракол...

(...)