Ніва № 37 (2522), 12 верасня 2004 г.

Будзе школа ў Арэшкаве

Аляксей МАРОЗ

Адкрыццё навучальнага года ў Падставовай школе ў Арэшкаве было асаблівым. З вучнямі прыйшлі бацькі, якія, каб не закрылі школы, у час канікул на грамадскіх пачатках і за свае сродкі адрамантавалі школьны будынак і добраўпарадкавалі школьную пляцоўку. Зрабілі больш, чым абяцалі гмінным радным.

Вясной радныя Гайнаўскай гміны прагаласавалі за абмежаванне дзейнасці школы, з шасцікласнай на трохкласную. Супраць пастановы запратэставалі бацькі, жыхары Арэшкава і навакольных вёсак. Іх голас узяла пад развагу беластоцкі куратар Зофія Транцынгер-Кочук і не дала згоды на змены. Калі бацькі прасілі радных пакінуць шасцікласную школу, абяцалі многа зрабіць і стрымалі слова. Высеклі таполі, выкасілі траву і зрэзалі кусты на школьнай плошчы. Перабудавалі сходкі перад галоўным уваходам і аблажылі іх грэсам. Разбурылі знішчаны ўмяшчальнік на смецце і збудавалі новы з дубовымі дзвярыма. Адрамантавалі падлогу ў выбранай настаўнікамі школьнай зале, абудавалі на калідоры радыятары і замуравалі ўмяшчальнікі на вугаль. Дадаткова адрамантавалі арэлі і за свае грошы купілі гігіенічныя сродкі і крэйду.

На адкрыццё школьнага года, якое адбылося ў прыгожай гімнастычнай зале, дзеткі прыйшлі ў белых блузках і кашулях. Выдатнікі выйшлі са сцягам, а ў час мастацкіх выступленняў гучалі беларускія вершы і песні. У рэпертуары школьнага хору, які дабіваўся поспехаў на раённых і ваяводскіх конкурсах, выдатная большасць беларускіх песень. Дэкламатары перамагалі ў беларускамоўных конкурсах, а бацькі звыкліся, што ў час школьных мерапрыемстваў многа выступленняў па-беларуску. Дырэктар Гражына Беразняк падзякавала ўсім бацькам за работу і фінансавую падтрымку. З выпадку 65 гадавіны фашысцкай агрэсіі на Польшчу запрапанавала мінутай цішыні ўшанаваць памяць загінуўшых у час вайны. Сярод іх былі жыхары Арэшкава і наваколля і таму гэтая цішыня была асаблівай для сабраных.

Пасля супольнай сустрэчы вучні разышліся на спатканні з класнымі выхавацелямі. Сёлетнія выпускнікі, вучні шостага класа, сабраліся ў кабінеце беларускай мовы. Настаўніца роднай мовы Ірэна Герасімюк падрыхтавала беларускамоўныя насценгазеты, выстаўку даўніх народных вырабаў і колішніх прыладаў працы. Вучні ў час канікулаў памагалі бацькам парадкаваць тэрыторыю вакол школы. Яны згодны, што школьны будынак цяпер вельмі прыгожы.

— Падабаецца нам наша школа. У ёй прыгожыя гімнастычная зала, кабінеты інфарматыкі, беларускай мовы і іншыя залы, — пералічваюць Рафал Навіцкі, Юля Міхалоўская і Аня Малашэвіч. Вучняў цікавяць заняткі беларускай мовы з Ірэнай Герасімюк. Экскурсіі, расказы і спевы робяць урокі роднай мовы займальнымі.

— Хочам вучыцца блізка дому, у Арэшкаве, — дабаўляе Рафал Навіцкі.

Бацькі раней таксама ангажаваліся ў дапамогу школе. Рамантавалі падлогі і парадкавалі тэрыторыю вакол школы. Цяпер неабходны рамонт вонкавых сцен і агароджы.

— Трэба падзякаваць бацькам за працу на карысць школы. Дастаткова толькі сказаць, што трэба нешта зрабіць, то прыходзяць і памагаюць, — кажа дырэктар школы. — Мы за тое, каб наша школа засталася. У меншых школах лягчэй зацікавіць вучняў навукай і развіваць іх здольнасці. У нас хатняя атмасфера і амаль індывідуальнае навучанне. На ўроках бачым кожнае дзіцё. Можам падысці да слабейшых вучняў і растлумачыць ім тое, чаго не разумеюць. У спалучаных класах дзеці лепш інтэгруюцца.

Пасля ўрачыстасці бацькі збіраюцца перад школьным будынкам і разважаюць, што трэба зрабіць, каб захаваць школу на наступныя гады. Уладзімір Галёнка з Пасечнікаў-Вялікіх, які з’яўляецца гмінным радным, пералічвае, што зрабілі бацькі, каб асталася школа.

— Наша гміна бедная і мы ўсе гэта разумеем. Школа ў Арэшкаве можа зарабляць на сябе. Можна здаваць кватэры, якія знаходзяцца ў школьным будынку. У час канікулаў можна арганізаваць у школе турыстычную базу. Калі ліквідуецца школа, вёска памірае, — гаворыць Анатоль Дунда. — Верым, што знойдуцца добрыя людзі, якія памогуць захаваць школу ў Арэшкаве на будучыню.

— Нашы бацькі і дзяды памагалі будаваць школу і мы будзем намагацца, каб яна засталася, — заяўляе Аляксей Галёнка з Пасечнікаў-Вялікіх. З ім згодны Юрка Бугвін і Уладзімір Камароўскі, якія моцна ангажаваліся ў рамонтныя работы. Бацькі разыходзяцца з надзеяй, што радныя будуць мець на ўвазе голас жыхароў Арэшкава і наваколля і школа астанецца.