Ніва № 36 (2521), 5 верасня 2004 г.

Паломніцтва

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

Жнівень з’яўляецца ў нас месяцам паломніцтваў. Яны прыцягваюць шмат народу. Колькасць іх, як паведамляюць сродкі масавай інфармацыі, вялікая, а якасць поўная адухоўленасці; інакш меркаваць, на маю думку, нават не выпадае.

Паехалася мне, значыць удалося паехаць, на Грабарку. Пад свята Спаса яна нагадвае свайго роду алегорыю маніхейскага бачання свету, дзе Дабро суіснуе са сваім антонімам. Сама Святая Гара звонку абведзена вяночкам рознага роду грэшных спакушэнняў. Ёсць там прылаўкі, з якіх прапануецца не толькі пякельная інструментальная музыка, але і відэазапісы такіх сцэн, якія адбываліся ў суседстве праведнага Лота. Кружыць там наймалодшае пакаленне, якое перспектыву ўзнагароды за паломніцкі высілак бачыць у неадкладна ўспрымальных цацках ці марожаным. Падросткі вырываюцца туды каб пасля напружанага адухаўлення расслабіцца на мове блокерсаў. Сустракаюцца і бабулькі, якія на прывязцы водзяць лунаючыя папяровыя — як у мааісцкай касмалогіі — тыгры, сувеніры ўнучанятам. І над гэтым вяночкам лунае арамат жараных каўбас і шашлыкоў — выпрабаванне на паломніцкую спакусу ў постны час...

(...)