Ніва № 34 (2519), 22 жніўня 2004 г.

Крыніца — сельская гаспадарка

Аляксей МАРОЗ

У Мілейчычы прыйшлося мне выязджаць у пахмурнае надвор’е. На галоўным скрыжаванні, званым мясцовымі Рынкам, з’ехаў я пад пошту, каб прачакаць праліўны дождж. Праз акно відаць вялікую сінагогу з чырвонай цэглы, з забітымі дошкамі вокнамі. Тэрыторыя вакол яе прыбраная і прыгожа агароджаная. Мужчына, якога я спаткаў насупраць сінагогі, паказаў рукой і заявіў: „Тут усюды было жыдоўскае гета, а пасля іх вывезлі”. Да вайны больш за палову жыхароў Мілейчыч састаўлялі яўрэі. Вялі яны млын, дзве кафлярні і займаліся гандлем. Той сам мужчына паказаў мне каталіцкі касцёл, распаложаны непадалёк скрыжавання, і нядаўна адрамантаваную праваслаўную царкву.

Войт Мілейчыцкай гміны Ананій Савіцкі сказаў, што зараз большасць жыхароў Мілейчыч састаўляюць праваслаўныя вернікі. Праваслаўныя кампактна насяляюць усходнюю частку гміны. У вёсках распаложных на захадзе гміны жыве больш католікаў. У вялікай ступені спрычыніліся да гэтага банды, якія пасля вайны запалохвалі праваслаўнае насельніцтва і прымушалі выязджаць у Савецкі Саюз. Напрыклад, у Паканеве жыве зараз мала праваслаўных сем’яў, а перад вайной праваслаўныя складалі большасць вёскі. Трагічныя ваенныя і пасляваенныя здарэнні і палітыка народнай улады мелі ўплыў на фарміраванне нацыянальнай свядомасці жыхароў гміны. Хаця старэйшыя жыхары Мілейчыч размаўляюць між сабой на мясцовай гаворцы, то ўжо іх дзеці і ўнукі размаўляюць на польскай мове. Дыялекты ў большай ступені захаваліся ў вёсках распаложаных у напрамку мяжы з Беларуссю, але і там наймалодшыя гавораць ужо па-польску. У час апошняга перапісу насельніцтва 13,9% жыхароў гміны заявіла, што яны па нацыянальнасці беларусы. Украінцамі назвала сябе — 20 асоб (0,84%).

— Я па нацыянальнасці беларус. Мой бацька і маці былі таксама беларусамі, — заявіў войт гміны Ананій Савіцкі, які нарадзіўся і выхаваўся ў Мілейчычах. Можа і таму атрымаў ён перамогу на апошніх непасрэдных выбарах войта. З жыхарамі гміны ў яго непасрэдны кантакт у гміннай управе і асяродку здароўя, дзе надалей працуе лекарам. На маё пытанне як яму ўдаецца спалучыць дзве прафесіі войт заяўляе: „Няма праблемаў. Можна сумяшчаць заняткі войта і лекара”.

На фарміраванне беларускай свядомасці вялікі ўплыў мела навучанне беларускай мовы ў падставовых школах у Мілейчычах і Рагачах.

— Калі будуць ахвотныя, ёсць магчымасць вярнуцца да традыцыі навучання беларускай мовы, — кажа войт Ананій Савіцкі. — Можна арганізаваць у Мілейчычах беларускі калектыў. Аднак для гэтага патрэбны людзі, якія схочуць займацца грамадскай справай.

У цэнтры мясцовасці спатыкаю мужчыну ў сярэднім узросце, які ўжо чатыры гады застаецца без працы.

— Працаваў я на чыгунцы, але страціў работу. Рашыўся вярнуцца ў родныя Мілейчычы і жыву з мамай, — расказвае суразмоўца. Грошы з матчынай пенсіі ледзь дазваляюць пражыць дзвюм асобам. Хаця ён можа працаваць на цяжкіх машынах і займацца зваркай, не мог знайсці ў наваколлі работы. Яго сябра, які да нас падыходзіць, працаваў зваршчыкам і таксама не можа знайсці занятку. Зімой рабіў у кацельні і спадзяецца, што ў час ацяпляльнага сезона зноў прымуць яго на работу. Трэцяя асоба, якую спатыкаю, знайшла сезонную работу пры ўкладванні тратуараў.

— Па пакупніках відаць, што заробкі ў нас малыя. Але адкуль жа возьмуць гаспадары сёння больш грошай, — гаворыць прадавец у магазіне. — Летам людзі збіраюць грыбы і наймаюцца да сезонных работ, то і ў магазіне даход большы. Зімой прыбытак малы.

Войт пацвярджае, што ў гміне многа беспрацоўных. Паводле яго падлікаў каля 100 асоб пастаянна шукае работу. Да сезонных работ, якія фінансуюцца гміннай управай і павятовым бюро працы, прымаюць толькі каля 20 чалавек. Многа маладых асоб рашылася выехаць за мяжу. Працуюць яны ў сельскай гаспадарцы і на будовах. Жанчыны даглядаюць за дзяцьмі і прыбіраюць кватэры. Спатканы мною жыхар Мілейчыч у Нямеччыне займаўся будаўнічымі работамі і працаваў у сельскай гаспадарцы. Зарабіўшы грошы, вярнуўся і разбудоўвае гаспадарку, выкарыстоўваючы нямецкі вопыт.

Калі раней праязджаў я праз Мілейчычы думаў, што тут галоўнай крыніцай заробку з’яўляюцца паслугі. Не ведаў, што многія жыхары займаюцца сельскагаспадарчай прадукцыяй і жывёлагадоўляй. Гаспадары пасвяць жывёлу на сенажацях раскінутых над Нурчыкам.

Мілейчыцкая гміна распаложана на тэрыторыі 15 тысяч гектараў і жыве ў ёй звыш 2,5 тысячы асоб. Лічыцца яна сельскагаспадарчай гмінай, з ухілам на гадоўлю быдла і прадукцыю малака. Найбольш быдла гадуюць у вёсцы Паканева. Гаспадары прыстасавалі там аборы да еўрасаюзных патрабаванняў і паставілі ўмяшчальнікі на малако. Зараз атрымліваюць больш чым 1 злоты за літр малака. У вёсках распаложаных ва ўсходняй частцы гміны землі намнога горшыя (V і VІ класаў) і там даход з сельскай гаспадаркі меншы. На палях найбольш жыта і аўса, а мала пшаніцы, якая патрабуе добрай зямлі.

— Я буду намаўляць гаспадароў, каб заняліся вытворчасцю экалагічнага харчавання. У нас пад бульбу даюць толькі натуральнае ўгнаенне. Мінеральныя ўгнаенні дарагія і таму нават пад збожжа іх мала прымяняюць. Буду таксама раіць гаспадарам, каб заняліся агратурызмам. У Паканеве каля 100 гектараў пад рыбнымі ставамі. Адзін з іх выдзелены для турыстаў — аматараў рыбалкі, — кажа войт Савіцкі. Многа людзей з Варшавы, Шлёнска і іншых рэгіёнаў танна купілі драўляныя дамы, распаложаныя побач лесу. Свежае паветра і прыгожыя краявіды прыцягваюць аматараў здаровага адпачынку. Непадалёк ад Мілейчыч знаходзіцца звыш дваццацігектарны заліў. Каб турыстам можна было ім карыстацца, трэба яго ачысціць. Войт гаворыць, што на наступны год плануе правесці неабходныя работы.

Раней некаторыя жыхары Мілейчыч і навакольных вёсак працавалі ў нешматлікіх прадукцыйных і паслуговых прадпрыемствах. Пасля гаспадарчых перамен у Польшчы большасць іх абанкруцілася, а працаўнікі і да гэтай пары не знайшлі работы. Рэгіструюцца яны ў Павятовым бюро працы ў Сямятычах, каб мець страхаванне і лекарскую апеку. Калі жывуць бацькі-пенсіянеры, дапамагаюць ім фінансава. Некаторыя падзарабляюць у час сезонных работ фінансаваных часткова бюро працы. Зараз большасць жыхароў гміны — людзі ў старэйшым узросце. З некалькіх школ, якія дзейнічалі ў гміне, засталіся толькі Падставовая школа і Гімназія ў Мілейчычах, у якіх займаецца 260 вучняў.

Зараз па некалькі асоб працуе ў сельскагаспадарчым кааператыве і вінакурным заводзе. Больш месцаў работы ў школе і гміннай установе, але тут для фізічных работнікаў, якіх найбольш сярод беспрацоўных, магчымасці абмежаваныя. Магазіны, якія вёў гмінны кааператыў хутка перанялі прыватныя ўласнікі. Мясцовыя прадпрымальнікі найахвотней інвеставалі ў паслугі. Узніклі таксама тры сталярскія прадпрыемствы. Найбольшае сярод іх, якое называюць „тартаком”, прадукуе на экспарт у заходнія краіны. Іншыя сталяры займаюцца паслугамі для мясцовага насельніцтва. Амаль у кожнага гаспадара па некалькі гектараў лесу і пасля высечкі жыхары прывозяць у сталярні драўніну для апрацоўкі.

— У Мілейчычах няма перспектыў на работу. Бедная гміна і землі слабыя. Калі ідзе дождж, мокра на палях, бо яшчэ за камуны не паспелі зрабіць меліярацыі і дрэнажавання. Калі моцнае сонца, то ўсё высыхае. Раней у гээсе было больш месц працы. Апошнім часам прыватны ўласнік закрыў нават бойню, бо трэба было б яму многа грошай выдаткаваць, каб прыстасаваць яе да еўрасаюзных патрабаванняў, — гаворыць малады жыхар Мілейчыч.

— Ёсць сродкі на ўтрыманне ў тых сем’ях, дзе па двух пенсіянераў. Хаця даход невялікі, але пастаянны, — кажа іншы чалавек у сярэднім узросце.

У мінулым годзе на будову водаправодаў у Мілейчыцкай гміне выдаткавалі 520 тысяч злотых, але палову сродкаў вярнулі са структурных фондаў SAPARD. У гэтым годзе запланавана выдаткаваць на інвестыцыі каля мільёна злотых. Збудаванне водаправодаў у Харашчэве і Паканеве амаль закончыць будову водаправоднай сеткі ў гміне. Зараз рамантуецца школьны будынак, прадугледжаны рамонт дарогі Мілейчычы — Малеўшчына і асфальтаванне вуліцы Новы Свет у Мілейчычах і дарогі ў Ялтушчыкі.

— У будучыні трэба будзе заняцца дарогамі і думаць аб ачышчальні сцёкаў, бо сталі яны моднымі. Зараз многія гміны задоўжаныя. У нас няма ніякіх даўгоў. Што заплануем, тое і выканаем за ўласныя сродкі. Яшчэ з мінулага года засталося нам 260 тысяч злотых для выкарыстання сёлета і таму ў гэтым годзе не прадбачваем браць пазыку, — гаворыць войт Ананій Савіцкі.

З Мілейчычамі развітваюся ў сонечнае надвор’е, але на палях пуста. Дождж салідна змачыў другі пакос сена — галоўны корм для кароў.