Ніва № 34 (2519), 22 жніўня 2004 г.

Вецер з захаду

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

Спадар Анатоль Галэмбеўскі, якому цяпер пяцьдзесят дзевяць, ад трыццаці трох гадоў жыве ў Катлах, што ў Бельскай гміне. Раней ягоная сям’я жыла на хутары ў Галёнках, што каля Пухалаў-Старых у Браньскай гміне. Але з Галёнак, куды ні глянуць, усюды далёка, складаны быў даезд у горад. Таму бацька рашыў прадаць тамашнія дванаццаць гектараў і перасяліцца бліжэй Бельска. Купілі гаспадарку ў Катлах і бацька адразу запісаў яе на спадара Анатоля.

— Калі ў Польшчы стаў мяняцца гаспадарчы строй, — кажа Анатоль Галэмбеўскі, — я рашыў інвеставаць у гаспадарку, перабудаваць яе на сучасны лад. Я верыў, што змены ідуць у напрамку Еўрасаюза, што і ў нас настане такая ж, як і там, спрыяльная земляробам аграрная палітыка. Пра гэта я гаварыў суседзям, а яны падсмейваліся, што гэта няпраўда. А я ім гаварыў „Пажывяце, пабачыце”. У 1993 годзе я пераключыўся толькі на гаспадаранне; сёння ў нас звыш семнаццаці гектараў уласнай зямлі і каля трынаццаці арандаванай. І амаль усе гэтыя гектары працуюць на вытворчасць малака, бо ўжо з 1987 года сталі мы развіваць статак кароў. У 1998 годзе паставілі ў сябе малочны рэзервуар.

Наша гаспадарка, лічу, перспектыўная, але ў маім узросце перспектывы згортваюцца. І банкі такім людзям абмяжоўваюць крэдыты. Пра будучыню я стаў гаварыць з наймалодшым сынам. Яму і хочацца, і колецца, але згадзіўся ўзяць ад нас гаспадарку, бо мяркуе, што на ёй, калі цэны нашых прадуктаў будуць набліжацца да еўрасаюзных маштабаў, можна будзе зарабляць прынамсі ўдвая больш, чым на гарадской пасадзе.

Пра сельскагаспадарчую пенсію мы думалі ўжо даўней і цяпер мы рады скарыстацца прадастаўленымі нам магчымасцямі. Сын атрымае ад нас перспектыўную гаспадарку і, маючы большыя за нашы магчымасці, зможа яе разбудоўваць на свой лад, — заключае спадар Галэмбеўскі.

У Бельскім павеце найбольш заявак на структурныя сельскагаспадарчыя пенсіі паступіла з Браньскай гміны; з усходніх гмін па адной-дзве з вёскі. Як патлумачыў мне загадчык бельскага Павятовага бюро Агенцтва рэструктурызацыі сельскай гаспадаркі Валянцін Карыцкі, многім нашым сялянам цяжка задаволіць патрабаванні, неабходныя для атрымання структурнай пенсіі. Галоўнай загваздкай з’яўляецца патрабаванне пяцігадовых узносаў у KRUS. Многія сяляне працавалі па-за гаспадаркай, часта сторажамі, і аплачвалі складчыны ў ZUS, многія з’яўляюцца пенсіянерамі. У Браньскай гміне захаваліся сямейныя гаспадаркі, якія і задавальняюць патрэбныя крытэрыі.

Спадар Карыцкі мяркуе, што ўмовы, прапанаваныя хадайнікам за сельскагаспадарчай структурнай пенсіяй, карысныя. Калі хто перадае сваю гаспадарку патомку, ён па сутнасці яе не пазбываецца, а дастае яшчэ прыстойныя грошы. Асноўная велічыня сельскагаспадарчай структурнай пенсіі, гэта 210% мінімальнай пенсіі (цяпер 550 злотаў); верхні ліміт — 440%. Найчасцей трэба спадзявацца пенсіі ў трохсотпрацэнтным памеры.

Зацікаўленне структурнымі пенсіямі ў бельскім Павятовым бюро было вялікае. Ужо месяц раней людзі цікавіліся, якія дакументы патрэбныя. Пасля прыносілі запісаныя ўзоры і пыталі, ці добра іх аформілі.

Прымалі заяўкі з панядзелка, другога жніўня. У гэты дзень перад бельскім бюро чакала каля двухсот хадайнікаў. Сродкі масавай інфармацыі пасеялі паніку, што грошай хопіць не ўсім, таму чарга выстройвалася ўжо з ночы. З’явіліся ў камплекце і спадкадаўцы, і спадкаемцы. У першы дзень у Бельску прынялі 69 заявак.

У маштабе краіны ў найбольш перагружаныя першыя дні было прынята каля пяці тысяч заявак; урад спадзяецца каля шасцідзесяці тысяч. Апасенні, што камусь не хопіць грошай, а атрымаюць толькі першыя ў чарзе хадайнікі, не апраўдаліся. Спрагназіраваць лік заявак было складана, бо хадайніцтва за структурнымі пенсіямі вызначае шмат фактараў. Тут не толькі фармальныя патрабаванні наконт узносаў у KRUS, але і разлікі самых сялян. Для прыкладу, калі ў каго вялікая гаспадарка, якую трэба было б перадаць чужой асобе на ўзбуйненне, дык гэта не аплачваецца па той прычыне, што гектарныя даплаты ў гэтым выпадку будуць большыя за верхнія 440% мінімальнай пенсіі. А яшчэ той чужы можа турнуць з родных гектараў...

Ва ўсходніх паветах Падляшскага ваяводства ў першыя восем-дзесяць дзён заяўкі склалі: у Бельскім павеце — 127 земляробаў, у Сакольскім — 142 (у панядзелак 62 і каля трыццаці ў аўторак), у Беластоцкім — 150, у Сямятыцкім — 136 і ў Гайнаўскім — 47 (!). Даных з іншых паветаў ваяводства не ўдалося мне атрымаць.

Усё-ткі нават з прыведзеных лікаў сёе-тое відаць. Міжваеннае паслябежанскае гора і пазнейшае знаёмства з калгасным строем пахіснулі ў нашага земляроба любоў да карміліцы. У выніку сёння небагатаму і скептычнаму селяніну з усходняй сцяны зноў вецер у вочы, бо ў Еўрасаюзе дапамагаюць тым сялянам, што зямлёю даражаць.